Лучшая сандружина — в Бегомльском лесхозе

img_6777Сем каманд Докшыччыны сабраліся на беразе гарадскога возера, каб пазмагацца за права звацца лепшым санітарным фарміраваннем грамадзянскай абароны раёна, а таксама ўдасканаліць тэарытычныя веды і практычныя навыкі.
– Не разгубіцца ў надзвычайнай сітуацыі, прыйсці на дапамогу людзям і аказаць садзейнічанне адпаведным службам – асноўныя задачы добраахвотных санітарных дружын і звёнаў, якія створаны ў шэрагу ўстаноў і прадпрыемстваў нашага раёна, – адзначыў падчас мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Віктар Ганус.
Пасля жараб’ёўкі пачаліся вучэнні-спаборніцтвы. У сандружынніц і сандружыннікаў праверылі камплектацыю санітарных сумак. Яны працавалі ва ўмоўным камбінаваным, хімічным і інфекцыйным ачагах. Усе дзеянні ў шпітальным аддзяленні ацэньвалі медыкі. Уменне аказаць першую медыцынскую дапамогу, праверыць пульс, зрабіць кампрэс або ін’екцыю, узяць пробу паветра, прыгатаваць дэзраствор, правесці дэзінфекцыю – з гэтымі і многімі іншымі задачамі спраўляліся ўдзельнікі спаборніцтваў. Не абышлося і без праверкі тэорыі і адказаў на складаныя пытанні.
Тытул пераможцаў заваявала каманда Бягомльскага лясгаса. Другое месца замацавалі за сабой удзельнікі каманды завода «Ветразь», а трэцюю прыступку занялі сандружыннікі Докшыцкага хлебазавода. Лепшым камандзірам сандружыны стала Вольга Сялюк (Бягомльскі лясгас), а сандружынніцай —Ірына Малашонак з Докшыцкага хлебазавода.
Нашы сандружыннікі будуць абараняць гонар раёна на абласных спаборніцтвах, якія пройдуць 7 чэрвеня ў Лёзненскім раёне.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: каманда-пераможца Бягомльскага лясгаса : Ганна Ярашэвіч, Андрэй Стралкоўскі, Павел Гайдук і Вольга Сялюк.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *