Сертификат на сумму 2000 рублей получила от Белгосстраха одна из школ Докшицкого района
На апошні званок у Парплішчанскую СШ завіталі дырэктар філіяла “Белдзяржстрах” па Віцебскай вобласці Мікалай Баран і дырэктар прадстаўніцтва па Докшыцкім раёне Віктар Жакаўка, каб павіншаваць школу за перамогу ў штогадовай рэспубліканскай акцыі “Белдзяржстрах – дзецям” і ўручыць каштоўныя падарункі.
Узнагароджанне праходзіла ў святочнай атмасферы. Яго сведкамі сталі вучні, педагогі, бацькі, а таксама запрошаныя госці, у прыватнасці, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна.
Дырэктар школы Генадзь Шульга шчыра вітаў гасцей, а таксама падзякаваў дзецям і іх бацькам за актыўны ўдзел у акцыі, што, безумоўна, дапамагло перамагчы.
Аксана Эдуардаўна не засталася ў баку ад віншаванняў і ад імя раённага выканаўчага камітэта выказала падзяку абласному філіялу “Белдзяржстрах” і мясцоваму прадстаўніцтву агранізацыі за неабыякавыя адносіны да дзяцей, за дапамогу і падтрымку.
– Сапраўды, “Белдзяржстрах” клапоціцца пра ўсіх, і асабліва пра дзяцей. Вельмі хочацца, каб усе добра разумелі, у чым заключаецца сутнасць дзейнасці нашай арганізацыі. Тыя работы, якія прадставілі на конкурс дзеці вашай школы, пацвярджаюць тое, што яны добра ўсведамляюць гэта, а таксама з’яўляюцца творчымі людзьмі і сур’ёзна ставяцца да тых даручэнняў, якія ўскладаюцца на іх. Гаварыць, што нехта з вас пераможца, а хтосьці – не, няправільна, бо вы ўсе пераможцы. Дзякуй вам за вашу работу, – звярнуўся да вучняў Мікалай Баран.
Пад гучныя апладысменты ўсёй школы дзесяці вучням Мікалай Барысавіч уручыў фірмовыя заплечнікі, а школа атрымала сертыфікат на 2 000 рублёў.