В Докшицах «охотились» на мусор (+ ФОТО)

img_6925Днямі ў райцэнтры ўпершыню прайшлі “Чыстыя гульні”.
Акцыя даволі распаўсюджаная за мяжой і зараз актыўна пачынае ўкараняцца ў нашай краіне. Накіравана не толькі на збор смецця і ачышчэнне забруджанай тэрыторыі, але і на замацаванне вопыту па яго раздзяленні. У акцыі, арганізаванай моладдзю і прафсаюзам, прынялі ўдзел работнікі Докшыцкага хлебазавода, райста, ПМК-52, цэнтральнай бібліятэкі і школьнікі.

Месцам збору было вызначана ўрочышча Чыстаполле, назва якога, на жаль зараз, не адпавядае фактычнаму выгляду тэрыторыі. Удзельнікі, настроеныя на працоўны лад, з мяшкамі, пальчаткамі і энтузіязмам, уважліва слухалі спецыяліста па рабоце з моладдзю аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыю Ждановіч.
– Многія жыхары горада прыяз­джаюць сюды, каб адпачыць, ды і мы з вамі не раз сустракаліся тут падчас разнастайных спартыўных мерапрыемстваў, – звярнулася яна да ўдзельнікаў. – Але не кожны мае дастаткова высокі ўзровень культуры, каб не пакідаць за сабой у месцы адпачынку смецце. Паўплываць на іх мы, магчыма, зможам добрым прыкладам. Паляванне на смецце пачынаецца!
Пачуўшы заклік, усе кінуліся ўрассыпную: адны пабеглі да кар’ера, другія – у гушчар лесу. Акрамя асноўнай задачы па зборы другаснай сыравіны, на які было выдзелена ўсяго паўгадзіны, камандам трэба было адшукаць канверт і адказаць на змешчаныя там пытанні па экалогіі.
Праз хвілін дзесяць з лесу пачалі вяртацца першыя “паляўнічыя” з пакетамі (на здымку). Яны пакінулі смецце на палянцы і са словамі “там такія завалы” зніклі сярод дрэў. Тым часам падышла другая група ўдзельнікаў. У іх была іншая праблема: тонкія пакеты хутка рваліся, не вытрымліваючы націску шкляных бутэлек і іржавага жалеза. Тым не менш, каб не губляць каштоўных хвілін, зноў рушылі на пошукі. Актыўнымі ўдзельнікамі былі дзеці. Хутчэй за бацькоў яны знаходзілі цэлыя звалкі смецця.
Праз паўгадзіны каманды пачалі збірацца да месца назначэння. Стомленыя, але радасныя, што перамаглі смецце. Сярод пластыкавых і шкляных бутэлек, пакетаў з-пад чыпсаў, былі знойдзены жалезны тазік, рэшткі дзіцячай каляскі, некалькі лістоў зламанага сайдынгу, пара аўтамабільных шынаў і яшчэ шмат усяго таго, чаго не павінна быць у лясным масіве паблізу населенага пункта, дзе ўстаноўленыкантэйнеры для збору смецця. Не выклікала асаблівых цяжкасцей і віктарына.
Падлічыўшы балы і ўзважыўшы кожны грам знойдзенага “багацця”, журы вызначыла пераможцаў. Лідарам стала каманда “Ваўкі” Докшыцкага хлебазавода, якая сабрала 52,5 кілаграма другаснай сыравіны. На другім месцы – удзельнікі каманды “Экатрэнд” райста, у якіх на рахунку 32 кілаграмы смецця. Замкнулі тройку лідараў дзяўчаты з каманды “Экапатруль” ПМК-52, якія завяршылі спаборніцтва з 21-м кілаграмам смецця. Пераможцы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі, а астатнія ўдзельнікі – удзячнасці.
Таццяна ШУСТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *