В Докшицком районе гостей встречает рысь

img_5072Аграэкатурызм у Беларусі лічыцца адным з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў у сферы турызму. Прычына простая: для сельскіх жыхароў гэты від турызму – яшчэ адна крыніца даходаў, для краіны – дадатковыя рабочыя месцы і спосаб паскорыць развіццё рэгіёнаў. Якімі ж навыкамі трэба валодаць, каб абуладкаваць уласную “хатку ў вёсцы” і прымаць у ёй наведвальнікаў? Віктар і Вольга Ковелі, гаспадары аграсядзібы “У дзядзькі Віці”, што гасцінна расчыніла свае дзверы на пачатку мінулага года ў Бірулях, лічаць: для таго, каб быць паспяховымі ў сферы сельскага турызму, у першую чаргу, неабходны вялікае жаданне і працавітасць. Пра гэта і іншае вядзём з імі размову.

У Ковеляў не было ў гэтай маляўнічай вёсачцы паблізу возера ніякай уласнай хаціны. Усё, што сёння маецца на панадворку сядзібы, узведзена з нуля гаспадаром і даведзена да закончанасці – маюцца на ўвазе дэталі інтэр’еру – гаспадыняй.
– Хтосьці стварае аграсядзібы для душы, хтосьці з мэтай атрымаць дадатковы даход, – разважае Віктар Міхайлавіч. – Я магу лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо справа, у якую ўкладаю душу і сілы, прыносіць пэўную аддачу. Што яшчэ трэба чалавеку? Думаю, што аграсядзібы сёння карыстаюцца попытам, асабліва ў летні час. Турысты цэняць тое, што атрымаўшы асалоду ад таго, што пабылі на прыродзе, а потым могуць вярнуцца ў цёплы дом са звыклым камфортам: з душам, чыстымі ложкамі, магчымасцю прыгатаваць на кухні ўсё, што пажадаюць. У гэтым годзе закончым будаўніцтва лазні.

img_5077
– Вялікага шыку і раскошы не прапаноўваем, – дапаўняе яго Вольга Мікалаеўна, – ды і не гоняцца за гэтым гараджане. Галоўнае для іх – каб было зручна, прывольна, спакойна, каб атмасфера была цёплай, каларыт – вясковым. Прыязджаюць, каб наталіцца хараством навакольнай прыроды, атрымаць перазагрузку ад гарадскога тлуму і мітусні. Не пустуе наш “маёнтак” і халодным часам: заўжды рады прыняць аматараў рыбнай лоўлі. Стараемся быць мабільнымі. Патэлефануюць нам, напрыклад, сёння: можаце прыняць нас праз дзве гадзіны? Чаму б і не, калі ёсць месцы. Таму сядзібу ўвесь час трымаем у парадку і гатовы да самых “імклівых” візітаў.
– Ці плануеце пашырацца, каб павышаць рэнтабельнасць?
– Тут нават не ў пашырэнні справа. На сённяшні дзень наша аграсядзіба можа прыняць дванаццаць чалавек адначасова. Але чым больш папулярным становіцца аграэкату­рызм, тым больш складана прывабіць кліентаў. Патрэбны так званыя “фішкі”. У нас гэта вальер, дзе гаспада­рыць рысь-прыгажуня Дымка. У бліжэйшых планах – папаўненне сядзібы іншымі жывёламі, як экзатычнымі, тыпу страусаў, так і больш звыклымі для нас, але не менш прывабнымі – в’етнамскімі свінкамі, індыкамі. Садзім сад, капаем калодзеж, каб была смачная вадзіца. Тады ўжо можна будзе прапаноўваць гасцям і ўласную прадукцыю. Увогуле, шмат ідэй і задум, пра якія яшчэ рана гаварыць. Будзем рады, калі ўсё атрымаецца.

img_5118
– Сфера аграэкатурызму іграе значную ролю ў стварэнні годнага іміджу краіны. У чым падтрымка дзяржавы?
– Напачатку значным падспор’ем для многіх з’яўляецца крэдыт, які выдаецца згодна з Указам Прэзідэнта “Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь” уладальнікам аграсядзібы пад невялікі працэнт. Актыўна падтрымлівае аграэкатурызм на месцы і раённая ўлада. Няма складанасцей пры афармленні: любы жыхар сяла ці горада з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек пры наяўнасці дома, які адпавядае неабходным санітарным патрабаванням, можа падаць заяву ў выканкам. Уладальнік аграсядзібы або фермер можа на льготных умовах здаваць да дзесяці гасцявых пакояў. На тых жа ўмовах агратурызмам могуць займацца буйныя сельгасвытворцы пры наяўнасці жылых дамоў.
– Як лічыце, чаго не хапае аграэкатурызму ў Беларусі?
– Пры ўласным жаданні можна развівацца ў гэтай сферы ў самых розных накірунках – як дазволяць фінансавыя магчымасці і фантазія. А недахопы? Можа, хіба толькі недахоп рэкламы на мясцовым узроўні. Як вядома, самая лепшая рэклама – калі той, хто пабываў у цябе ў гасцях, парэкамендуе тваю сядзібу іншым. Добры памочнік у гэтай справе Інтэрнэт. Але бывае, што людзі едуць па трасе і хочуць спыніцца, адпачыць, а дзе – не ведаюць. Думаецца, было б нядрэнна ўстанавіць білборды з указаннем размяшчэння бліжэйшых аграсядзіб.

img_5122
– Што можаце параіць тым, хто толькі плануе заняцца аграэкатурызмам і адкрыць сваю сядзібу?
– Быць гатовым да таго, што лёгкай гэта справа не будзе і грошы з неба не пасыплюцца. Абавязкова знайсці сваю “фішку”. Быць добразычлівымі, гасціннымі, тактоўнымі, а яшчэ – добрымі псіхолагамі, каб умець знаходзіць падыход да ўсіх наведвальнікаў незалежна ад іх прафесій, узростаў, сацыяльнага статусу. І памятаць пра тое, што студэнцкі прынцып “спачатку ты працуеш на залікоўку, а затым яна на цябе” тут не падыходзіць: трымаць планку, развівацца і ўдасканальвацца неабходна ўвесь час.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота А. Варанковіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *