Вокально-эстрадная студия «Звездопад» из Докшицкого района славится юными талантами
У кожнага творчага калектыву ёсць свае моцныя бакі: адны бяруць вышынёй і чысцінёй голасу, другія – задорам і харызмай, трэція – уменнем разварушыць публіку. Удзельнікі вакальна-эстраднай студыі “Зарапад”, якая дзейнічае на базе Крулеўшчынскай СШ ад раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, кранаюць гледачоў, у першую чаргу, сваёй шчырасцю, непасрэднасцю і, безумоўна, вакальным майстэрствам. Пра гэта сведчаць узнагароды, якія прывозяць вакалісты з розных творчых конкурсаў. Чарговая перамога — у ІІІ Міжнародным конкурсе “Кірмаш мастацтваў — 2019”.
На небасхіле песеннай творчасці вакальна-эстрадная студыя “Зарапад” знаходзіцца дзесяцігоддзе. За гэты час састаў тройчы мяняўся, але ўзровень выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў не станавіўся ніжэйшым. Гэтае ў многім залежыць ад кіраўніка студыі Алесі Паляковай, якая пачынае шукаць адораных дзяцей ужо ў пачатковых класах. Вопытны педагог асноўную ўвагу надае вакальна-ансамблевай рабоце, а таксама развіццю гарманічнага слыху выхаванцаў. З кожным юным талентам займаецца індывідуальна. Таму ў студыі выраслі такія салісты, як Валерый і Лізавета Міхмелі, Аляксандр Плыгаўка, Надзея Бардзянкова, Аксана Ліннік, Эла Пашковіч. Яны ўжо скончылі школу, а на іх месца прыйшлі іншыя аматары песні: Вікторыя Дубко, Крысціна Бурдо, Ангеліна Дайлідзёнак, Анастасія Паляніна, Варвара Альхімовіч. Сёлета да іх зладжанага калектыву далучылася Ксенія Бабіч.
– Разам дзяўчаты трэніруюцца спяваць без мікрафона, вучаць цікавыя падтанцоўкі да песень, падбіраюць рэпертуар. Вельмі падабаецца ім спяваць акапэльна, – расказвае кіраўнік студыі. – Сёлета ўпершыню рызыкнулі паехаць на “Кірмаш мастацтваў”. Вялікі дзякуй ГЦК за тое, што дапамог з касцюмамі, і нашы дзяўчаты выглядалі на ўзроўні з іншымі выступоўцамі.
Перамога ў сур’ёзным конкурсе, безумоўна, надала юным зорачкам “Зарападу” яшчэ больш упэўненасці ў сваіх сілах. Зараз разам з любімым кіраўніком дзяўчаты будуюць новыя планы, збіраюцца пакараць чарговыя вышыні. А тыя песні, з якімі вакалісты крочаць па жыцці, безумоўна дапамогуць ім яшчэ ярчэй зазіхацець на небасхіле музычнай творчасці.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва.