Докшичане — участники спортивного форума
Адной з самых значных падзей сёлетняга года безумоўна сталі ІІ Еўрапейскія гульні, якія гасцінна прымала наша краіна. Дакшычане таксама пабывалі на міжнародным форуме спартсменаў еўрапейскага кантынента. Каля двухсот чалавек заўзелі з трыбун за беларускіх лёгкаатлетаў, батутыстаў, барцоў і іншых спартсменаў. Некаторыя хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічалі ў Еўрагульнях у якасці валанцёраў. Яны з задавальненнем падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Вераніка Каляга, валанцёр: – Трапіць у школу валанцёраў пашчасціла яшчэ ў 2017 годзе, калі напрыканцы заканчэння першага курса БДПУ імя М. Танка ўсім ахвотным прапанавалі запісацца на сумоўе да Еўрагульныяў. З 8000 валанцёраў было адабрана 1 200 – для сустрэчы “Полымя міру”. Былі вызначаны асабістыя абавязкі, напрыклад, быць аніматарам, працаваць са спонсарамі, удзельнічаць у якойсьці цырымоніі. У час форума я працавала з гледачамі. Акрамя гэтага ўдзельнічала ў шэсці атлетаў.
Канстанцін Стадольнік, валанцёр: – Прайшоўшы сумоўе, трэба было стварыць асабісты кабінет на афіцыйным сайце Еўрагульняў. Туды прыходзілі матэрыялы для навучання – тэсты па англійскай мове, па спартыўных спаборніцтвах, па правілах паводзінаў валанцёраў. Функцыянальным напрамкам групы, у якую патрапіў я, была “спартыўная прэзентацыя”. Так бы мовіць, мы працавалі памочнікамі прадзюсара. Асабіста я – на спартыўным комплексе “Чыжоўка-Арэна”. Ведаю, што таксама валанцёрамі былі Ксенія Рыбчынская, Ганна Сачына, Валерыя Машынская, Марыя Каросцік, Марыя Шульгат.
Міхаіл Кухто, заўзятар: – Пабываць на Еўрагульнях пашчасціла ў ліку 25-ці выхаванцаў Докшыцкай ДзЮСШ. Разам з трэнерамі мы наведалі першы этап лёгкаатлетычных спаборніцтваў. Вельмі цікава было паназіраць за тым, як рыхтуюцца спартсмены перад стартамі. Многія з іх устанаўлівалі свае асабістыя рэкорды. Прыемна, што адбывалася гэта і ў нейкай ступені з нашай падтрымкай.
Улада Савіцкая, заўзятар: – Усёй сям’ёй пабывалі на фінале па спартыўнай гімнастыцы. Уражанні самыя яркія! Арганізавана ўсё на вышэйшым узроўні. Спадабалася работа валанцёраў і вядучых у перапынках паміж стартамі, якія не давалі сумаваць ні на хвіліну.
Юлія Кукуля, заўзятар: – Разам з сябрамі назіралі за спаборніцтвамі па боксе, дынамічнай лёгкай атлетыцы і спартыўнай гімнастыцы. Нават не магу вылучыць, што спадабалася больш. Напрыклад, бокс бачыла толькі па ТВ, а таму вельмі хацелася паглядзець на баі ў рэальнасці. Спартыўная гімнастыка – гэта сама прыгажосць і грацыя. Калі былі на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, то сустрэліся з аматарамі спорту з Докшыцкага хлебазавода і РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Самым запамінальным стала канечне фінальнае шоу закрыцця Еўрагульняў. Мерапрыемства сапраўды запомнілася, як час яркіх перамог.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.