Докшицкие пожарные отметили свой профессиональный праздник
Для прафілактыкі пажараў і выканання іншых задач існуе некалькі службаў – выратавальная, кантралюючая, наглядная. Але ў нашым раёне асноўнай з’яўляецца менавіта пажарная.
У выратавальнай службе не бывае выпадковых людзей. Трывалая фізічная загартоўка, высокія маральна-этычныя якасці, асабістыя рысы характару, такія як смеласць, мужнасць, уменне абараняць. Менавіта такімі словамі ахарактарызаваў прафесію пажарнага начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валянцін Баравікоў (на здымку).
– Валянцін Іванавіч, якім было першае паўгоддзе для пажарнай службы раёна?
– З пачатку года на тэрыторыі раёна адбылося 18 пажараў. Летась іх было зарэгістравана на чатыры больш, у агні загінуў адзін чалавек. Па-ранейшаму з-за бяспечнасці загараюцца дамы, церпяць у агні людзі. Адзін з жудасных пажараў адбыўся сёлета ў вёсцы Вуглы. Гаспадар дома пачаў цепліць печ, але дым пайшоў не ў трубу, а ў пакой. Тады ён пры дапамозе газавай гарэлкі і балона пачаў праграваць дымаход, але лопнуў газавы шланг і адбылася ўспышка. Мужчына спрабаваў перакрыць балон, але ў выніку атрымаў апёкі твару і дыхальных шляхоў. Пасля гэтага трапіў у бальніцу.
– Што, на Ваш погляд, дапамагае пазбегнуць падобных выпадкаў?
– Як ні банальна, прафілактычная работа. У раёне працуюць аглядавыя камісіі, у якія ўваходзяць і пажарныя інспектары. Два разы ў месяц выязджаем у сельсавет, дзе правяраем домаўладанні. Калі ёсць няспраўнасці пячнога абсталявання, абавязкова выдаём рэкамендацыі па іх устараненні. Калі бачым, што ёсць праблемы з электраправодкай ці газавым абсталяваннем, накіроўваем інфармацыю ў адпаведныя службы.Некалькі гадоў таму Міністэрства МНС зрабіла акцэнт на раннім навучанні дзяцей правілам пажарнай бяспекі. Ужо сёння бачым пэўныя вынікі: дзеці ведаюць больш, чым тыя дарослыя, перад якімі выступаем у працоўных калектывах. На сённяшні дзень прымаем непасрэдны ўдзел ва ўборачнай кампаніі. Максімум увагі ўдзяляем захаванасці зернеўборачнай тэхнікі, абсталяванню яе першаснымі сродкамі пажаратушэння.
– Хто стаіць на абароне ад пажараў?
– У калектыве налічваецца 76 супрацоўнікаў. У жніўні чакаем папаўнення: начальніка варты і пажарнага інспектара. На жаль, не хапае вадзіцеляў. Таму запрашаем ахвотных маладых людзей, тых, хто адслужыў у арміі, да нас на службу.
Напярэдадні свята хочацца падзякаваць ветэранам за тое, што вучылі моладзь, дзяліліся вопытам. Здароўя ім і дабрабыту, а ўсяму асабоваму саставу – “сухіх рукавоў”, іх сем’ям – спакою і цярпення.