Докшицкие спортсмены активно отдыхали на Фестивале двух рек
Суботнім ранкам святкаванне Дня горада распачалі мясцовыя валейбалісты, мэтай кожнага з якіх было прысвяціць перамогу ў турніры па пляжным валейболе менавіта Докшыцам. Спартыўныя сустрэчы адбыліся паміж сямю мужчынскімі камандамі з розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Мацнейшымі аказаліся Віталь Лямец і Аляксандр Зямчонак, якія выступалі за зборную СШ № 1 г. Докшыцы.
Не сумавалі аматары актыўнага адпачынку і ў нядзелю. Адны з задавальненнем удзельнічалі ў шахматных і шашачных баталіях. Другія правяралі сваю меткасць, шпуляючы па мішэнях дроцікамі. Даспадобы многім прыйшлася старажытная славянская забава “Круцілка”, якой забаўляліся некалі нашы далёкія продкі на кірмашах і народных гуляннях. Зараз гэта вясёлая гульня называецца гіратэнісам (на здымку). Самыя маленькія ўдзельнікі і госці свята спрабавалі вылавіць прыз у жартоўнай рыбалцы. Не пуставалі і трасы вяровачнага гарадка, на якія за адрэналінам і пазітыўнымі эмоцыямі ішлі як дзеці, так і дарослыя.
Вялікі ажыятаж быў на валейбольнай пляцоўцы, на якой у пляжны валейбол на прызы РК ГА “БРСМ” мог згуляць любы ахвотны. Так сабралася восем жаноча-мужчынскіх зборных, з якіх лепшы “мікс” атрымаўся ў Вольгі Гадулевіч і Васіля Кісялёва з каманды “Высокі ціск” Докшыцкага РГЗ. Другое месца заваявалі “Грамавыя” з Сітцаўскай сярэдняй школы Паліна Шарох і Іван Паульскі. Трэцяе месца выйграла зборная “Рускевічы”, за якую выступілі Дзяніс Рускевіч і Алеся Корсак.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.