В Докшицах прошёл День города (+ ФОТО)

img_2722Менавіта столькі гадоў адзначыў наш раённы цэнтр у выхадныя. Асаблівую святочную атмасферу змаглі адчуць не толькі яго жыхары, а і шматлікія госці, якія завіталі на Дзень горада. 

Святкаванне распачалося на плошчы каля гарадскога цэнтра культуры маштабнай праграмай “Малая радзіма – вялікая любоў”. Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Ларыса Карэнька, а таксама дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Дзмітрыева Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Балві Рэспублікі Латвія.
– Мы свята шануем традыцыі, якія былі закладзены нашым старэйшым пакаленнем, – сказаў падчас урачыстасці старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Нізкі паклон ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія заваявалі Перамогу, усім тым, хто пасля адраджаў эканоміку і інфраструктуру раёна. Цяперашняе пакаленне стараецца захоўваць набытае, клапоціцца, каб горад станавіўся з кожным днём яшчэ больш прыгожым.
Старшыня райвыканкама павіншаваў жыхароў раёна са святам, пажадаў здароўя, дабрабыту, выдатнага настрою, новых працоўных і творчых поспехаў. Віншавальны адрас жыхарам Докшыц накіраваў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.
Незвычайны падарунак – карту нашага раёна, на якой адлюстраваны яго славутасці, – падрыхтавалі да свята сельскія саветы. Гэта Спаса-Праабражэнская царква ў аграгарадку Порплішча – адзін з вядомых помнікаў драўлянага дойлідства, візітоўная картка Бягомля – самалёт ІЛ-14. З пасёлка для чыгуначнікаў у пачатку мінулага стагоддзя пачаў сваю слаўную гісторыю аграгарадок Крулеўшчына. Частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка размешчана на тэрыторыі Бярэзінскага сельсавета. Славутасцю Валкалат з’яўляецца касцёл Святога Іаана Хрысціцеля. Жыхары Бярозкаўскага сельсавета ганарацца, што жывуць на малой радзіме знакамітага кампазітара Нестара Сакалоўскага. Тэрыторыя Крыпульскага сельсавета славіцца храмам з двума крыжамі – каталіцкім і праваслаўным, а Сітцаўскага – паркам 17 стагоддзя. На Параф’янаўскай зямлі жывуць працалюбівыя людзі. Неаднаразова ў гаспадарцы ўшаноўвалі хлебаробаў-тысячнікаў. Тумілавіцкі сельсавет знакаміты сваім калгасам “Зара камунізму”, які за высокія вытворчыя паказчыкі быў узнагароджаны Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР і ЦК ВЛКСМ. Сам раённы цэнтр Докшыцы – гэта месца, дзе бяруць свой пачатак дзве ракі, Беразіна і Вілія. Менавіта тут штогод збіраюцца сябры на рэспубліканскі Фестываль дзвюх рэк.
Свята горада – гэта яшчэ і нагода ўспомніць пра людзей, якія стваралі яго гісторыю, шмат гадоў працавалі на роднай зямлі. На сцэну былі запрошаны старэйшыя жыхары Ганна Сікорская і Віктар Курнушка. Ганна Іванаўна 40 гадоў адпрацавала ў сферы гандлю. За час працоўнай дзейнасці пабывала ва ўсіх куточках раёна. Разам з мужам выхавала дваіх дзяцей, ганарыцца сваімі ўнукамі і праўнукамі.
Сёлета Віктар Курнушка адзначыў 90-гадовы юбілей. У свой час працаваў у пажарнай часці, за добрасумленную працу атрымаў шмат узнагарод. Зараз, знаходзячыся на пенсіі, прымае актыўны ўдзел у жыцці раёна – спявае ў народным хоры ветэранаў “Залатыя гады”, кіруе аўтамабілем і займаецца пчалярствам.
На змену старэйшаму пакаленню прыходзяць новыя. Па традыцыі, на Дзень горада бацькі прывозяць у калясках сваіх немаўлят. Дарэчы, сёлета ў Докшыцах нара­дзіліся 34 хлопчыкі і дзяўчынкі. Самая маленькая гараджанка – Волечка – з’явілася ў сям’і Аляксея і Марыны Герко. На памяць пра свята дзеці атрымалі мяккія цацкі, якія прэзентавалі індывідуальныя прадпрымальнікі Людміла Сяржант і Вераніка Ярыжанец.
З кожным годам горад становіцца больш прыгожым і ўтульным. У многім гэта заслуга саміх жыхароў, якія праявілі ўласную ініцыятыву, каб зрабіць адметнымі вуліцу, тэрыторыю каля дома, пад’езд. На свяце былі падведзены вынікі агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні. У намінацыі на “Лепшае добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый шматкватэрных дамоў” першае месца заняў дом № 8 па вуліцы Школьнай, другое – № 11 па вуліцы Школьнай. Трэцяе падзялілі паміж сабой дом № 4 па Савецкай і № 16 па Школьнай.
Вылучыліся таксама і асобныя домаўладанні. Лепшымі па добраўпарадкаванні прызнаны дом № 5 па 1-ым завулку Я. Коласа – гаспадары Аляксандр і Святлана Толкачы, дом № 6 па завулку Садовым – прыгажосць наводзілі Пётр і Валянціна Юнцэвічы, а таксама дом № 11 па вуліцы Зялёнай – каля яго плённа працавалі Ірыней і Тэрэза Маслоўскія.
Пераможцамі ў намінацыі “Лепшае добраўпарадкаванне асобных тэрыторый каля пад’ездаў шматкватэрных дамоў” прызнаны Лідзія Яловік (дом № 2 па вуліцы Чарняхоўскага), Рэміра Салаўёва (дом № 30 па вуліцы Школьнай) і Міхаіл Сіўцэвіч – жыхар дома № 1 па вуліцы Ленінскай.
За “Лепшы ветэранскі падворак” дыпломы райвыканкама і раённага Савета ветэранаў атрымалі Антон і Зоя Зімніцкія з Гліннага. Самую прыгожую кветкавую кампазіцыю зрабілі Віктар і Святлана Сенчыкі з Докшыц, найлепшы куток адпачынку абуладкавалі Вячаслаў і Вольга Малашы з Валкалат. У намінацыі “Я на падворку не адзін” не было роўных Віталю і Галіне Белым з аграгарадка Крулеўшчына.
За навядзенне парадку на тэрыторыях адміністрацыйных будынкаў Падзяку райвыканкама і райсавета атрымалі калектывы РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, Докшыцкага раёна газазабеспячэння, Цэнтра дзяцей і моладзі і сярэдняй школы № 1.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч падзякавала жыхарам горада, калектывам арганізацый і прадпрыемстваў за іх штодзённую карпатлівую працу, якая робіць Докшыцы яшчэ больш прыгожымі і гасціннымі.
Наш край ганарыцца не толькі працавітымі людзьмі, але і іх творчасцю, таленавітасцю. На свяце горада сваё майстэрства дарылі гледачам лепшыя калектывы горада і раёна. Фінальным акордам стаў феерверк, які расквеціў неба рознакаляровымі фарбамі.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *