Агроусадьба «У Татьяны» – райский уголок Докшиччины.

dscn0612Прымаць гасцей на ўласнай сядзібе зараз можа кожны, у каго ёсць, вобразна кажучы, домік у вёсцы. Указ Прэзідэнта “Аб развіцці аграэкатурызму” зняў амаль што ўсё бар’еры: не патрэбна мяняць мэтавае прызначэнне ўчастка – набываць яго для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, можна будаваць гасцявыя домікі, наймаць работнікаў, праводзіць вяселлі, банкеты і карпаратывы. Але адкрыць аграсядзібу – адна справа. А як дзейнічаць далей, каб яна карысталася папулярнасцю і прыносіла даход? – з гэтым пытаннем мы звярнуліся да Таццяны і Ігара Шыянаў,  уладальнікаў аграсядзібы “У Таццяны” ў Дамашкавічах Бягомльскага сельсавета, лаўрэата конкурсу “Лепшая аграэкасядзіба Віцебскай вобласці” ў 2014-м і 2015-м гадах у намінацыі “Гасціннасць”.

З чаго ўсё пачыналася? З будаўніцтва дома на беразе возера. Мясціны там прыгожыя, паветра чыстае, настоенае на водары сосен, цішыня і чысціня – рай для гараджан, змучаных мітуснёй, натоўпам, шумам і загазаванасцю вуліц. Ідэя прымаць у сябе людзей узнікла не адразу, ды і затым доўга ўзважваліся магчымасці, плюсы і мінусы, распрацоўваўся план развіцця.
dscn0607 a-1229 a-1237 a-1246 a-1251Таццяна і Ігар – людзі дзейсныя, актыўныя, прадпрымальныя, але разам з тым і рызыкаваць дарэмна не любяць, цвёрда стаяць на зямлі. Вопыт работы ў сферы абслугоўвання ў сужэнцаў ужо быў: раней жылі ў Маладзечне і трымалі там уласны рэстаран з прыгожай беларускай назвай “Прыемны прытулак”, які карыстаўся ў гараджан папулярнасцю: выдатнае абслугоўванне, смачныя стравы, добрая музыка, прымальныя цэны.
– Ні для каго не сакрэт, што адкрыць сядзібу прасцей, чым прывабіць у яе гасцей, – гаворыць Таццяна Мікалаеўна. – Першыя гестхаусы з’явіліся ў нашых вёсках яшчэ ў 2002 годзе. Тады яны працавалі як міні-гатэлі. Зараз проста паспаць на прыродзе ніхто не паедзе: турыста трэба нечым зацікавіць. Безумоўна, папулярныя сядзібы, дзе прапаноўваюць нешта незвычайнае: валянне валёнак, фальклорныя фестывалі, апітэрапія… Ва ўсім свеце набывае папулярнасць гастранамічны турызм, а мы пра сваю кухню ведаем так мала, што становіцца сорамна. Мы ж зусім не дранік-лэнд, маем яшчэ сотню аўтэнтычных страў. Прыгатаванне некаторых з іх – наша “фішка”.
– Перспектыўнасць аграэкатурызму ўжо не здаецца нечым туманным, як было напачатку 2000-х, калі першыя сядзібы толькі паяўляліся, – далучаецца да размовы Ігар Аляксеевіч. – 356-ы Указ – важная падзея. Дакумент канкрэтызаваў нюансы, якія да гэтага выклікалі шмат спрэчак. У прыватнасці, у ім дакладна вызначаны пералік паслуг, якія можна аказваць на сядзібах. Прапісана магчымасць будаўніцтва гасцявых домікаў – мы якраз збіраемся пабудаваць яшчэ адзін, узялі пад гэту справу крэдыт. Замацавана права сельскіх жыхароў, якія маюць зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, займацца аграэкатурызмам без змянення мэтавага прызначэння гэтых участкаў. І, што важна, дом для размяшчэння гасцей можа належаць як непасрэдна грамадзяніну, які аказвае паслугі ў сферы аграэкатурызму, так і членам яго сям’і.
За восем гадоў існавання сядзіба “У Таццяны” расшырылася і працягвае развівацца. У планах гаспадароў, акрамя новага гасцявога доміка, асобная кухня для тых, хто хоча гатаваць сам. Ідзе абсталяванне банкетнай залы – як вядома, нават вяселлі зараз стала модным праводзіць на аграсядзібах. А што, вельмі зручна: няма абмежаванняў у часе – гуляй хоць да раніцы, няма клопатаў, дзе і як размясціць гасцей на начлег – усё на месцы. Тут табе і лазня, – дарэчы, у Шыянаў яна шыкоўная – і юшка з раніцы, усе выгоды.
Прываблівае сядзіба і блізкасцю санаторыя “Лясное”. Ходзяць туды госці пешкі – на розныя працэдуры, на дыскатэку, у краму. Адно дрэнна, заўважае Таццяна Мікалаеўна, – вулічнага асвятлення няма, і нешта гэта пытанне ніяк не можа вырашыцца. Што яшчэ? Утульныя і камфортныя пакоі для гасцей, прыгажосць акаляючай прыроды, прастор, возера ў крокавай даступнасці: выйшаў з двара – і там. Зараз гаспадар заняты абуладкаваннем пляжа. Ёсць магчымасць парыбачыць ці проста пакатацца на лодцы. Ёсць дзіцячая гульнявая пляцоўка, більярдны і тэнісны сталы. Таццяна, як ужо гаварылася, смачна гатуе, а гародніна і садавіна свая, усё свежае, экалагічна чыстае. Для гасцей арганізоўваюцца святы – напрыклад, сустрэча Новага года з Дзедам Марозам і Снягуркай. Распавядаць можна доўга, але, чым сто разоў пачуць, лепш адзін раз убачыць. Ды і самае галоўнае тое, што не купіш ні за якія грошы, – сардэчнасць і гасціннасць гаспадароў. Думаецца, менавіта па гэтай прычыне многія госці сядзібы, пабываўшы ў ёй аднойчы, вяртаюцца зноў і зноў. Едуць ажно з Мурманска і Севераморска. Становяцца не проста наведвальнікамі, гасцямі – сябрамі. А гэта, па прызнанні Ігара і Таццяны, вышэй і важней за ўсе пахвалы і дыпломы.

Апытанне ў тэму былых жыхароў раёна: Ці прамяняеце адпачынак на моры ці ў падарожжы на адпачынак у вёсцы?

Анатоль, праграміст, г. Мінск:
– Выбіраю падарожжы. Мяне цікавіць, як жывуць людзі за мяжой, гісторыя пэўнай краіны, яе культура, нацыянальныя асаблівасці, кухня. А адпачываць на прыродзе і есці дранікі і поліўку з грыбамі магу калі заўгодна. Для гэтага няма неабходнасці сяліцца на аграсядзібе – дастаткова паехаць да бацькоў у вёску.
Наталля, эканаміст, г. Віцебск:
– Адназначна выберу аграсядзібу. Я не аматарка валяцца на пляжы, ды і да сонечных ваннаў абыякавая. Іншая справа домік у прыгожым месцы дзесьці за горадам. Свежае паветра і добрая кампанія – усё, што патрэбна для камфортнага адпачынку. Многім сваім сябрам прывіла звычку так адпачываць. Не патрэбны лішнія клопаты і траты – адкрываць візу, кудысьці ляцець ці доўга ехаць, пакаваць вялікія чамаданы. Проста выбраў месца, сеў за руль машыны – і ўжо праз пару гадзін атрымліваеш асалоду ад жыцця.
Інга, хатняя гаспадыня, г. Маладзечна:
– У мяне ёсць магчымасць шмат падарожнічаць, знаёміцца з новымі мясцінамі ў нас і іншымі краінамі. Мне ўсё ж такі бліжэй мора, паколькі яно ўсюды рознае. У Беларусі таксама шмат цікавага, ёсць на што паглядзець, а вось жыццё ў аграсядзібах, як мне падаецца, аднатыпнае. Ці ёсць сэнс ездзіць з раёна ў раён, калі кормяць прыкладна аднолькава, традыцыі прыёму падобныя, рыба ловіцца адных і тых жа відаў? Але ў мяне ёсць сябры, якія аддаюць перавагу менавіта такому адпачынку, – пра густы не спрачаюцца.
Віктар, юрыст, г. Мінск:
– Няма ў жывых маіх бацькоў, няма і хаты ў роднай вёсцы. Таму адпачываю менавіта на аграсядзібах. Люблю нашу прыроду, спакой і цішыню, прыгажосць лясоў і азёр, саму атмасферу вясковага жыцця. Я з тых, хто не імкнецца змяніць нешта вакол сябе, а марыць убачыць блізкае сэрцу з іншага ракурсу. Памяняць мінскую архітэктуру на аўтэнтычнасць вясковай сядзібы – узмацніць жыццёвыя сілы. Гэтага мне не можа даць ніводзін замежны курорт.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара і А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *