Как развивается система образования в Докшицком районе
На штогадовай раённай педагагічнай канферэнцыі былі падведзены вынікі мінулага навучальнага года. Начальнік аддзела па адукацыі Докшыцкага райвыканкама Аксана Гушчык выступіла з дакладам аб стратэгіі развіцця сістэмы адукацыі ў раёне. Пачэснымі гасцямі канферэнцыі сталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
Асноўнай задачай сённяшняга дня з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі. Так, у мінулым годзе быў рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў па стварэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей у школах, удасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы і аптымізацыі фінансавых затрат.
На забеспячэнне сістэмы адукацыі ў 2019 годзе ў бюджэце раёна прадугледжана больш за 15 мільёнаў рублёў. Вялікі аб’ём работ пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года быў выкананы ў Глінскай, Крулеўшчынскай, Парплішчанскай, Параф’янаўскай, Сітцаўскай і Бягомльскай сярэдніх школах, у гарадскіх школах, Бягомльскім яслі-садку, Крулеўшчынскім яслі-садку №1, яслі-садках №2 і №4 г. Докшыцы, у раённым Цэнтры дзяцей і моладзі.
За кошт Міністэрства адукацыі Бягомльская сярэдняя школа, а таксама СШ №1 і СШ №2 г. Докшыцы былі абсталяваны кабінетамі хіміі. Пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій на базе Докшыцкай СШ №2 адкрыўся цэнтр інфармацыйных тэхналогій. Працягваецца работа па абсталяванні школ высокахуткасным Інтэрнэтам.
У сістэме адукацыі раёна працуюць 534 педагогі, 87 працэнтаў з іх маюць вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. Першага верасня ў школы і дзіцячыя садкі раёна прыйшлі шэсць маладых настаўнікаў. Чакаецца, што большасць з іх застанецца працаваць пасля размеркавання.
У раёне дзейнічаюць 20 устаноў дашкольнай адукацыіі, у тым ліку тры вучэбна-педагагічныя комплексы школа-садок для дзяцей ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў, тры спецыяльныя групы і 10 груп інтэгрыраванага выхавання для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.
Навучэнцы школ раёна ў мінулым навучальным годзе паказалі высокія вынікі на прадметных алімпіядах. Так, на абласной алімпіядзе каманда навучэнцаў СШ №1 г. Докшыцы і Сітцаўскай сярэдняй школы заваявала тры дыпломы, а Вікторыя Чарнуха атрымала дыплом І ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.
У 2019 годдзе скончылі школу 112 адзінаццацікласнікаў і 215 вучняў 9-га класа. 61,5 працэнта выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Развіваецца профільнае навучанне, на ўзроўні якога атрымліваюць адукацыю 60 працэнтаў дзесяцікласнікаў і 59,8 працэнта адзінаццацікласнікаў. У Парплішчанскай СШ адкрыты клас аграрнай накіраванасці. Былі абноўлены вучэбныя праграмы для 9 класа і скарэктаваны для 5-8 класаў. Асаблівая ўвага надаецца доследнай дзейнасці навучэнцаў, у многіх школах праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі.
Для ўмацавання здароўя дзяцей і падлеткаў ва ўсіх установах адукацыі спартыўныя залы і стадыёны былі прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі, а на базе СШ №2 з’явілася яшчэ адна пляцоўка для міні-футбола.
Начальнік аддзела па адукацыі выказала падзяку такім педагогам, як Святлана Толкач, Наталля Пашкевіч, Таццяна Федарэнка, Аксана Круглая, Вера Раткевіч, Марына Крук, Таццяна Пруднік, Святлана Пісарэнка, Марына Казлоўская, Таццяна Шыла, Тамара Каляга, Алеся Вайцяховіч, Людміла Зубарава, Васіль Лаўцэвіч, Анатоль Млынец, Іосіф Чарнянін, Іван Парцянка. Таксама была адзначана станоўчая дзейнасць раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, дзе працуюць творчыя студыі пад кіраўніцтвам Алены Насеннік і Марыны Каляда.
Традыцыйна на канферэнцыю былі запрошаны ветэраны педагагічнай працы: Сафія Глазко, Даната Лапатка, Зінаіда Паўловіч, Ніна Падляшчук, Фёдар Палачанін, Анатоль Салаўёў. Маладыя спецыялісты, якія прыбылі працаваць у школах раёна, атрымалі падарункі і парады ад старэйшых калег.
Выступленні выхаванцаў вакальных студый “Тоніка” і “Сюрпрыз” упрыгожылі ўрачыстую частку мерапрыемства.
Настасся ФЕШЧАНКА.
Фота А. Варанковіча.