Легендарный диверсант Федор Крылович
Беларускага чыгуначніка на фронт не ўзялі. Ён застаўся ў родным краі, працаваў на Асіповіцкім чыгуначным вузле. А летам 1943 года здолеў паўтарыць подзвіг марака-героя Аляксандра Марынеску – ажыццявіць адну з самых маштабных дыверсій на сушы за ўсю гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.
У ноч на 30 ліпеня 1943 года Крыловіч заступіў на дзяжурства. Непрыкметна для аховы ўстанавіў дзве магнітныя міны на цыстэрны з гаручым. Выбух выклікаў моцны пажар. Полымя хутка ахапіла суседнія цягнікі, гружаныя снарадамі, мінамі, авіябомбамі, танкамі, браневікамі. Пачалося пекла. У выніку згарэла 28 цыстэрнаў з гаручым і 8 з авіямаслам, 67 вагонаў з боепрыпасамі, 8 танкаў (з іх – 5 “Тыграў”), 7 бронемашын, 12 вагонаў з харчамі, 5 паравозаў. Пажар перакінуўся на размешчаны недалёка ад станцыі лагер для савецкіх ваеннапалонных. Скарыстаўшыся неразбярыхай і панікай, частка вязняў уратавалася ўцёкамі.
Са строю было выведзена амаль усё станцыйнае абсталяванне на стратэгічна важным чыгуначным вузле.
Начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка не скупіўся на пахвальныя словы: “Калі б у мяне запыталіся пра самую выдатную аперацыю, якую здзейсніў адзін чалавек, я б не задумваючыся адказаў: знішчэнне чатырох воінскіх эшалонаў на станцыі Асіповічы… Іх узарваў камсамолец Фёдар Крыловіч. Дыверсія яшчэ доўга разбіралася ў нямецкім Генштабе. Восем генералаў звольнілі, некаторых расстралялі, бо яны ж не змаглі захаваць каштоўныя для нямецкай арміі саставы.”
Пасля апісаных падзей Крыловіч пайшоў у партызаны, узначаліў там дыверсійную групу. Пасля вайны жыў у Асіповічах, дзе яго імем названа вуліца, устаноўлены бюст героя, які за свой подзвіг узнагароджаны ордэнам Леніна. Некаторыя гісторыкі лічаць, што подзвіг Крыловіча дастойны большага – афіцыйнага звання Героя.
Подзвіг беларуса стаў легендай, якую пераказвалі ад Масквы да Берліна.