В Докшицах продолжается ремонт жилого фонда

img_8428У райцэнтры працягваецца капітальны рамонт жылога дома № 11 па вуліцы Школьнай. Пяціпавярховік, канечне, не самы старэйшы па гадах свайго ўзвядзення ў параўнанні з іншымі, аднак рамонту патрабаваў даўно з-за вялікай зношанасці інжынерных сетак. Жыльцы асабліва чакалі замены даху, бо ў кватэрах, што знаходзяцца на апошнім паверсе, пасля моцных дажджоў працякала столь. Зараз гэту праблему работнікі філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” ліквідавалі.
Пасля рамонту сцяжкі і ўкладкі двухслойнага рулоннага пакрыцця дах пяціпавярховіка набыў новы выгляд. У доме былі таксама заменены інжынерныя сеткі: водаправод, каналізацыя і сістэма ацяплення. Замест старых драўляных вокнаў у пад’ездах і месцах агульнага карыстання з’явіліся новыя – пластыкавыя. У адзіным стылі камунгасаўцы аформілі фасад будынка – балконы абшылі металапрофілем. Па-іншаму будзе цяпер выглядаць і сам уваход у пад’езд з адрамантаванымі прыступкамі і ўстаноўленымі парэнчамі.
Штодзень на аб’екце завіхаюцца сантэхнікі, аддзелачнікі, бетоншчыкі, цесляры, задзейнічана таксама спецтэхніка.
– На правядзенне рамонту ўжо зрасходавана амаль 545 тысяч рублёў, – расказаў дырэктар філіяла Сяргей Карчэўскі. – Зараз завяршаюцца работы па ўкладцы адмосткі па ўсім перыметры будынка, з дапамогай якой падмурак будзе абаронены ад паверхневых вод, а таксама абуладкаванне пакрыцця парапетаў і вентыляцыйных шахтаў. Праводзіцца аддзелка ўваходаў у пад’езды. Капітальны рамонт плануецца завяршыць у кастрычніку.
Тое, што жылы дом будзе ў хуткім часе выглядаць па-новаму, зразумела, не можа не радаваць. Аднак жыльцы не ўсім задаволены. Гэта датычыцца непрыемнага паху, які ўтварыўся ў пад’ездах пасля таго, як камунгасаўцы прыбралі, але не зусім акуратна, птушыны памёт з даху. Рэшткі яго так і засталіся ляжаць на тэхнічным паверсе будынка. Праўда, у камунгасе запэўнілі, што ачыстка будзе прадоўжана пасля таго, як галубы завершаць гнездаванне. Таксама прыбралі вентыляцыйныя шахты.
Многія, напэўна, любаваліся летам прыгожым дваром пяціпавярховіка. Гэта дзякуючы старанню і вялікай творчай фантазіі саміх жыльцоў, якія былі пераможцамі раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый шматкватэрных дамоў. Таму на час рамонту жанчыны загадзя паклапаціліся пра перасадку кветак у іншае месца. Некаторыя нават забралі іх дадому. Думаецца, што на наступны год актыўнасць па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі ў жыльцоў будзе яшчэ большай, і яны зноў здзівяць гараджан сваімі знаходкамі і фантазіяй.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: на будаўнічых рыштаваннях.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *