В Докшицком районе подвиг героев помнят свято
Урачыстым мітынгам у Шунеўцы завяршылася міжнародная акцыя памяці “У гонар агульнай Перамогі”, якая на працягу тыдня доўжылася ў раёне.
Мемарыяльны комплекс месцам завяршальнага акорду акцыі абраны невыпадкова. Шунеўка для жыхароў Докшыцкага раёна, як Хатынь для Беларусі, – сімвал смутку і памяці пра незлічоныя чалавечыя ахвяры, пакладзеныя на алтар Вялікай Перамогі. Докшыцкая зямля аддала 20 тысяч сваіх сыноў і дачок, 107 спаленых вёсак, з якіх шэсць былі знішчаны разам з людзьмі. 18 воінскіх пахаванняў сёння беражліва даглядаюць нашчадкі тых, хто заплаціў такой дарагой цаной за Чырвоны сцяг над рэйхстагам. З усіх іх ва ўрачыстай абстаноўцы была ўзята сімвалічная драбніца зямлі, апошняя бралася ў Шунеўцы. Гэту ўрачыстую місію выканалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Якушэўскі, старшыня райвыканкама Алег Пінчук і вучаніца 10 класа Крулеўшчынскай СШ Лізавета Ліннік, якая атрымала Дыплом 1-й ступені за ўдзел у рэспубліканскай канферэнцыі “І памятае свет уратаваны”.
– Дадзеная акцыя – гэта наша клятва тым, хто жыцці свае аддаў за сённяшняе светлае, чыстае неба над намі, – зазначыў у сваім выступленні на мітынгу старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – І мы – нашчадкі пераможцаў – нікому не дадзім перапісаць гісторыю нанова і выкрасліць з яе бессмяртны подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў.
– Шунеўка – гэта адна з 3000 тысяч вёсак Віцебшчыны – ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Гэта наш вечны боль і наша вечная памяць пра тых, хто даў нам сённяшнюю волю і мір, – падкрэсліў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў, які ў якасці ганаровага госця прысутнічаў на мітынгу.
Святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій асвяцілі сабраную з кожнага пахавання сімвалічную зямлю і яна ўрачыста была пакладзена ў агульную капсулу, якая, дарэчы, набытая за сродкі-ахвяраванні раённага аддзялення Фонду міру. Часова да 9 мая 2020 года капсула будзе знаходзіцца ў Бягомльскім музеі народнай славы да адпраўкі яе ў маі 2020 года ў Мінск, у крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць ахвяр выратаванню Айчыны паслужыўшых.
Я – один из солдат неизвестных,
Где-то ждёт меня мама,
Приговорённая …ждать.
Стал я эхом и болью,
Стал лагерным номером, песней,
Помнит имя моё только мама
Родина – мать.
Гэтыя вершаваныя словы ў час мітынгу гаварыў сімвалічны салдат, і яны як нельга лепш адлюстроўваюць той велізарны сэнс, які будзе мець будучая ўнікальная кампазіцыя. Так, Радзіма памятае і ніколі не забудзе ніводнага свайго героя. Памяць загінулых землякоў была ўшанавана мінутай маўчання, а да падножжа манумента «Праклён фашызму» ляглі кветкі.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.