Беларусбанк в Докшицах отметил 75-летний юбилей

img_8631Днямі Цэнтр банкаўскіх паслуг № 209 філіяла № 216 ААТ “ААБ “Беларусбанк” адзначыў 75-гадовы юбілей. За гэты час ён перажыў шмат перамен, удасканальваючы сваю дзейнасць, але заўсёды быў і застаецца народным банкам, дзе захоўваюцца і прымнажаюцца грашовыя сродкі насельніцтва.

Ашчадная справа ў нашым раёне вядзе свой адлік з 1944 года, калі ў Докшыцах пачала функцыянаваць цэнтральная каса № 6483. Зараз у гэтым будынку знаходзіцца ТЦСАН. Хаця, трэба сказаць, крыху раней ашчадная каса ўжо пачала працаваць у г.п. Бягомль. У той час асноўнай паслугай было страхаванне заработнай платы ад абясцэньвання. У 1947 годзе пасля правядзення грашовай рэформы былі адменены карткі на харчовыя і прамысловыя тавары. Пры гэтым дзяржава прадаставіла вялікія льготы кліентам банка, якія захоўвалі свае зберажэнні на рахунках ва ўкладах, што ­паспрыяла іх далейшаму павелічэнню.
Колькасць ашчадных кас у раёне паступова павялічвалася. Яны пачалі працаваць у Бярозках, Валкалатах, Беразіно, Параф’янаве, Порплішчы, Вітунічах, Крулеўшчыне. У сярэдзіне 80-х іх ужо налічвалася 22. Вялікі ўклад у развіццё банкаўскай справы ўнеслі тагачасныя кіраўнікі. Гэта Марыя Пусташыла, Марыя Панцялеева, Галіна Стагурава, Ніна Касарэўская, Ала Самусевіч, Васіль Віткоўскі, Ірына Даніловіч. У 1986 годзе ўстанову ўзначаліла Ларыса Кандратовіч, якая плённа працавала на гэтай пасадзе 20 гадоў. Потым дырэктарам стала Алена Шугальская.
З кожным годам банкаўская сістэма імкліва развівалася. Значнай падзеяй стала стварэнне ў 1995 годзе ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”.
Праз пяць гадоў установа размясцілася ў новым будынку, які стаў упрыгожаннем горада. Больш за 30 гадоў банкаўскай прафесіі прысвяцілі Лідзія Ікановіч, Антаніна Варанкевіч, Марыя Яцкевіч, Марыя Бяляева, Рамуальда Плюхаўка, Людміла Калбасіч, Лідзія Плюта, Раіса Рымант, Марыя Калічонак, ,Марыя Дземідовіч, Ганна Садоўская, Валянціна Печань, Раіса Яноўская, Вольга Рута, Марыя Майсіёнак, Людміла Дук, Фаіна Рацькавіч і іншыя.
Спектр банкаўскіх і фінансавых паслуг, якія аказваліся кліентам, пастаянна пашыраўся. Пачалі прымяняцца схемы вексельнага крэдытавання, аказвалася дапамога ў пагашэнні дэбіторскай запазычанасці, прадастаўляліся паслугі лізінгу і факторынгу. Банк прымаў актыўны ўдзел у рэалізацыі адной з важнейшых дзяржаўных праграм жыллёвага будаўніцтва.
Апошнім часам больш актыўна развіваюцца паслугі па прадастаўленні розных відаў крэдытаў на спажывецкія патрэбы, а таксама выдача заработнай платы з дапамогай банкаўскіх картак.
– Мадэрнізацыя ўсіх банкаўскіх працэсаў – з’ява непазбежная, – лічыць Сяргей Зубар, які з 2012 года з’яўляе­цца дырэктарам філіяла. – Яшчэ сем гадоў таму налічвалася 25 працэнтаў безнаяўных плацяжоў пры пакупцы і аплаце тавару. Зараз жа іх колькасць павялічылася ў два разы. Па-іншаму арганізана і абслугоўванне саміх кліентаў. Сёння ў Бягомлі, Крулеўшчыне і Докшыцах створаны ўніверсальныя рабочыя месцы, так званыя бізнес-месцы. Звярнуўшыся да спецыяліста, можна аформіць крэдыт альбо плацежную картку, а таксама застрахавацца.
Дзякуючы актыўнай рабоце па пашырэнні сеткі пунктаў абслугоўвання кліентаў па сістэмах WESTERN UNION, BLIZKO, жыхары раёна маюць магчымасць адпраўляць грашовыя пераводы з любой кропкі свету.
Сёння карыстальнікамі пластыкавых картак Беларусбанка з’яўляюцца больш за 11 тысяч чалавек. У жніўні доля безнаяўных разлікаў у аб’ёме расходных аперацый дасягнула 45,8 працэнта. У гандлёвых аб’ектах раёна ўстаноўлена 198 адзінак тэрмінальнага абсталявання. На адзін тэрмінал за месяц прыходзіцца ў сярэднім 8,8 тысячы рублёў, і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у вобласці.
У Цэнтры банкаўскіх паслуг сёння працуе 26 чалавек. Практычныя навыкі вопытных спецыялістаў спалучаюцца з новым тэарэтычным патэнцыялам моладзі.
– Спецыялістам нашай сферы трэба быць кампетэнтнымі, граматнымі, своечасова і прафесійна вырашаць пытанні, – гаворыць Сяргей Зубар. – І, што немалаважна, быць уважлівымі да людзей. Дарэчы, пра тое, што кліенты нам давяраюць і задаволены абслугоўваннем, сведчаць іх удзячнасці. Ад усёй душы віншую з юбілеем калектыў банкаўскіх работнікаў, ветэранаў працы і кліентаў. Жадаю моцнага здароўя, цеплыні, кахання, надзейных партнёраў і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: калектыў ЦБП №209 разам з дырэктарам
Сяргеем Зубарам.
Фота В. Чарвінскага.
УНП100325912

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *