Душевная встреча состоялась в Янковской библиотеке накануне Дня матери
“Важней за ўсё дарога дадому” – так называлася музычна-паэтычная сустрэча, якая прайшла напярэдадні Дня маці ў Янкоўскай сельскай бібліятэцы.
Загадчыца бібліятэкі Ала Гаўрыловіч прызналася, што з асаблівым задавальненнем рыхтавала сцэнарый свята, бо ведала, што абавязкова прыйдуць пастаянныя наведвальнікі бібліятэкі, актыўныя ўдзельнікі клубаў і гурткоў, створаных пры ёй, якія за гады сумеснай творчасці сталі па-сапраўднаму блізкімі людзьмі.
Таму сустрэча прайшла ў вельмі цёплай, сяброўскай, настальгічна-рамантычнай атмасферы, чаму спрыяла ў тым ліку і прысутнасць мясцовага музыкі і спевака Аляксандра Дайнакова, які павіншаваў жанчын выкананнем іх любімых песень.
Гасцей свята таксама парадавалі песнямі і вершамі выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра, якія завіталі ў бібліятэку з настаўніцай Палінай Прускай. Упрыгожаны надпісам “З Днём маці” вялікі пірог, каб на ўсіх хапіла, спякла для сябровак Ала Пацыенка. За кубачкам гарбаты з прысмакамі няспешна і душэўна цякла размова – вядома ж, найбольш пра дзяцей і ўнукаў, а там і да песень і конкурсаў час дайшоў. Спявалі разам, спявалі салісткі Сафія Свірко, Ганна Усцін, Ала Пацыенка, Надзея Гаўрыловіч. Самая старэйшая з жанчын, вялікая аматарка вакалу Сафія Свірко нават мікрафон для такіх мерапрыемстваў набыла. Рэч патрэбная: пры бібліятэцы арганізаваны клуб для пажылых людзей “Вечарок”, і там таксама часта гучыць добрая песня. Чыталі вершы, а новыя байкі да свята падрыхтавалі Святлана Сакалова і Ала Гаўрыловіч. Урэшце, як гаворыцца, разышліся не на жарт і кінуліся ў танцы: прыгадалі ранейшыя, ад бабуль-дзядуляў перададзеныя, пакружыліся ў вальсе, а таксама і сучаснымі рытмамі не пагрэбавалі. Сабраліся ў чатырнаццаць гадзін, а разыходзіцца пачалі, калі над вёскай стаў згушчацца змрок, – з добрым настроем і цёплым агеньчыкам унутры ад шчырых і сардэчных чалавечых зносін.
Алена НЕСЦЯРОНАК.