Как проходит рабочий день у библиотекаря
Чытанне – гэта выдатная трэніроўка для мозга, а таксама прыемны спосаб баўлення часу. А ці ведаеце вы, як уладкаваны рабочы дзень супрацоўніка самай звычайнай бібліятэкі? Пра гэта ў сёняшнім матэрыяле карэспандэнта Настассі Фешчанкі.
Раней у Бягомлі былі дзве бібліятэкі – дзіцячая і дарослая, але ў 1995 годзе іх аб’ядналі ў адну і пастановай Кабінета міністраў прысвоілі ёй званне Бягомльскай гарпасялковай бібліятэкі, імя Пімена Панчанкі. Фонд бібліятэкі складае каля 30 тысяч экземпляраў. У ёй працуюць два абанементы, дарослы і дзіцячы, і дзве чытальныя залы. Іх абслугоўваюць чатыры бібліятэкары.
Рабочы дзень пачынаецца ў 10:00. Для мяне — з агульнага вывучэння бібліятэчнай работы. Спачатку загадчыца бібліятэкі Вольга Батура ўключае касу. На стале ляжыць падрабязная інструкцыя, як гэта трэба рабіць. Справа ў тым, што, акрамя выдачы кніг, бібліятэка таксама аказвае платныя паслугі: выконвае ксеракопіі, набор і раздрукоўку тэкстаў і іншыя. У касу ўносіцца прыбытак за папярэднія дні. У некаторыя зарабляюць да 20 рублёў, а ў іншыя ўсяго два рублі — раз на раз не прыходзіцца. Сёння мы ўнеслі ўчарашнюю выручку — 21 рубель 91 капейку.
Адна з першачарговых задач бібліятэкара — навядзенне парадку на паліцах з кніжным фондам, бо людзі, калі выбіраюць кнігі, не заўсёды кладуць іх на сваё месца. Неабходна таксама расставіць па месцах тыя, якія чытачы здалі ў канцы папярэдняга працоўнага дня. Кожная кніга мае метку жанра ў адпаведнасці з бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыяй, якую павінен ведаць кожны біблятэкар. Напрыклад, лічба 84 значыць, што яна адносіцца да мастацкай літаратуры, таму адпраўляецца на адпаведную паліцу. Кнігі класіфіцыруюцца не ў бібліятэцы, а ў аддзеле камплектавання ЦБС, там жа на іх ставіцца нумар і значок, выдаецца картка. Карткі патрэбны для таго, каб бібліятэка вяла ўлік літаратуры. Калі кніга спісваецца, забіраецца і картка. Самыя цікавыя кнігі ставяцца на выставу, каб чытач іх хутчэй убачыў.
Бібліятэкар чытальнай залы для дарослых Таццяна Аўласевіч займаецца маніторынгам прэсы. Яна лістае газеты і шукае там згадкі пра Бягомль або мясцовыя прадпрыемствы. Звесткі пра тыя артыкулы, якія патэнцыйна могуць зацікавіць кліентаў бібліятэкі, выпісваюцца на карткі і заносяцца ў сістэматычную картатэку артыкулаў.
Тым часам у бібліятэку прыходзяць першыя наведвальнікі. Тут і мне знаходзіцца работа. Разам з Вольгай Міхайлаўнай запаўняем фармуляры і выдаём кнігі. Адна чытачка запытала, ці ёсць у бібліятэцы твор Андруся Горвата “Радзіва „Прудок”. У фондзе яго не аказалася, а таму ёй прапанавалі выбраць што-небудзь іншае. Звычайна ў бібліятэку прыходзіць ад 20 да 30 чытачоў у дзень, а ўсяго іх зарэгістравана каля 2350.
Кніжны фонд бібліятэкі папаўняецца некалькі разоў у год. Калі хтосьці хоча прачытаць пэўную кнігу, а ў бібліятэцы яе няма, работнікі могуць звярнуцца да фонду раённай бібліятэкі.
У сярэдзіне дня збіраемся ісці ў школу на акцыю “Бібліязаплечнік”, каб выдаць вучням 2-4 класаў кнігі і часопісы. Вольга Міхайлаўна кажа, што так лягчэй заахвоціць дзяцей: калі ўвесь клас выбірае сабе кніжку, то і кожнаму асобнаму дзіцяці таксама хочацца ўзяць што-небудзь пачытаць. Літаратуру выбіраем у адпаведнасці з узростам: гэта і казкі, і зборнікі вершаў як на рускай, так і на беларускай мовах. Дзеці і сапраўды вельмі ахвотна бяруць кнігі. Самых актыўных чытачоў, якія прачыталі больш за ўсіх кніг за год, работнікі бібліятэкі ўзнагароджваюць граматамі. Акцыя праходзіць кожны месяц.
Пасля абеду ў бібліятэку прыйшлі дзесяцікласнікі на інтэлектуальную гульню. Тэма — Бягомль. Для падлеткаў было падрыхтавана больш за 20 заданняў, каб выявіць, што яны ведаюць пра свой родны пасёлак. Школьнікам прапанавалася ўспомніць вершы Пімена Панчанкі, а таксама імёны іншых вядомых землякоў, у чый гонар былі названы вуліцы Бягомля. Клас падзяліўся на дзве каманды, але, хаця адна з іх набрала значна большую колькасць ачкоў, перамагла ўсё роўна дружба.
Працоўны дзень у Бягомльскай гарпасялковай бібліятэцы завяршаецца ў 19.00. Перад гэтым трэба падлічыць на ўсіх рабочых месцах колькасць наведвальнікаў і ўзятую літаратуру. Дадзеныя заносяцца ў галоўны дакумент бібліятэкі – дзённік работы. Падлічаныя платныя паслугі – у кнігу касіра.
Нягледзячы на тое, што сёння большасць кніг можна знайсці ў сеціве, нямала наведвальнікаў, прычым абсалютна розных узростаў, працягваюць хадзіць у бібліятэкі. Гэта няпраўда, што ў век Інтэрнэта людзі перасталі чытаць. Тыя, каму важна іх уласнае развіццё і адукацыя, ніколі гэтага не зробяць.
Фота аўтара.