Олеся Савицкая из Докшицкого района «работает» вместе с микробами
Сярод прыярытэтных накірункаў дзейнасці санітарнай службы раёна – нагляд за ўстановамі адукацыі, у першую чаргу, за належнае функцыянаванне харчблокаў. Па-ранейшаму застаецца і кантралюючая функцыя, калі ў час маніторынгаў выяўляюцца парушэнні санітарных норм і правілаў.
Спецыялісты санітарнай службы займаюцца і рознымі даследаваннямі. Бягомльчанка Алеся Савіцкая працуе ў РЦГіЭ ўрачом-бактэрыёлагам. Сваю прафесію вельмі любіць, бо лічыць адной з самых цікавых і прэстыжных, а галоўнае запатрабаваных у сучасным грамадстве. У лабараторыі Алеся Аляксандраўна даследуе марфалогію мікраарганізмаў. Для гэтага патрабуюцца пэўныя ўмовы.
– Каб распазнаць мікроб, трэба правесці лабараторнае расследаванне, – зазначае ўрач-бактэрыёлаг. – Для гэтага матэрыял пасеяць на пажыўнае асяроддзе ў чашцы Петры – спецыяльны лабараторны посуд, падобны на плоскі цыліндр, – і вытрымаць у тэрмастаце некалькі сутак.
У залежнасці ад таго, што там вырасце, вызначаецца далейшы ход работы. Такім чынам выяўляецца ўзбуджальнік, які выклікаў бактэрыяльную інфекцыю ў арганізме чалавека, вывучаюцца механізмы яе развіцця. На падставе гэтага даюцца рэкамендацыі ўрачам па далейшым назначэнні лекавых прэпаратаў. Вось і атрымліваецца, што ўрач-бактэрыёлаг разам з урачамі-тэрапеўтамі, педыятрамі, акушэрамі-гінеколагамі, інфекцыяністамі лечыць такія захворванні, як сальманелёз, стафілакокавыя інфекцыі, а таксама групу захворванняў, выкліканых кішэчнай палачкай.
– Бактэрыёлагі даследуюць не толькі біялагічны матэрыял чалавека, – дадае Алеся. – У нашай кампетэнцыі – лабараторная дыягностыка харчовых прадуктаў, вады, кантроль за аб’ектамі грамадскага харчавання, харчблокамі ўстаноў аховы здароўя і многае іншае. Акрамя гэтага, аказваем паслугі лабараторнай дыягностыкі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, філіялу “Докшыцыводаканал”, райста і іншым арганізацыям.
Поруч з урачом-бактэрыёлагам у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі працуюць вопытныя фельчары-лабаранты Ларыса Краско, Таццяна Некрашэвіч і Яўгенія Арлова. Менавіта яны, сцвярджае Алеся, дапамаглі асвоіцца ў прафесіі.
Летам у Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі быў праведзены касметычны рамонт. Закуплена новая мэбля і спецыялізаванае абсталяванне, што ў далейшым дазволіць вывесці лабараторную дыягностыку на больш высокі і якасны ўзровень. Абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу плануюць і ў наступным годзе.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.