Работники ДРСУ №180 в Докшицах удостоены высоких наград
Калектыў ДРБУ № 180 сваё прафесійнае свята сустракае ў добрым настроі. Сёлета дарожнікі адметна папрацавалі, і трымаць справаздачу ім прыемна. Ад рэалізацыі работ, тавараў і паслуг за дзевяць месяцаў атрымалі 3343 тысячы рублёў выручкі. Рост да адпаведнага перыяду 2018 года склаў 132,8 працэнта. Вельмі нядрэннай атрымалася і выпрацоўка ў разліку на аднаго чалавека: у сярэднім яна склала 51,43 тысячы рублёў пры сярэдняй заработнай плаце 832 рублі. Рэнтабельнасць – 9,1 працэнта, прыбытак – 305 тысяч рублёў. Дарожных спраў майстры адрамантавалі 10 кіламетраў дарог мясцовага значэння, прадугледжаных планам. Гэта адрэзкі на шашы Пруднікі – Бярозкі і Крулеўшчына – Глыбокае. У гэтым годзе шанцавала на заказчыкаў. Самым буйным сярод іх было РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. А гэта рамонт вулічнага дарожнага палатна ў Докшыцах і Бягомлі (315 тысяч руб.). Яшчэ 250 тысяч рублёў зарабілі на добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол будучага гандлёвага цэнтра “Санта Рытэйл”.
На святкаванне ў галоўнае прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” разам з начальнікам філіяла Уладзімірам Місачэнкам адправіліся таксама начальнік участка аўтатранспарту Сяргей Альхімёнак і дарожны майстар Анатоль Шэка. Усіх траіх нам удалося сфатаграфаваць незадоўга да іх ад’езду на ўрачыстасць.
Анатоль Андрэевіч на сёння, пэўна, самы вопытны работнік у арганізацыі. Яго асабісты ўклад у будаўніцтва, рамонт і ўтрыманне дарог на тэрыторыі раёна вельмі вялікі. Дарожнікам ён стаў у 1981 годзе. Крыху пазней закончыў Гомельскі профільны тэхнікум – і зараз няма лепшага прафесіянала ў дарожнай справе, чым Шэка. Нездарма менавіта ён адказвае за стан дарожнай дыстанцыі № 1, якая адрозніваецца найбольш інтэнсіўным рухам. І на ёй заўсёды парадак. Як ініцыятыўны кіраўнік, які ўмее арганізаваць работу падначаленых па выкананні пастаўленых задач, Анатоль Шэка мае шэраг узнагарод, а сёлета яго шматгадовая добрасумленная праца адзначана нагрудным знакам “Ганаровы дарожнік Беларусі” ІІ ступені.
За ўзнагародай накіраваўся ў вобласць і Сяргей Альхімёнак. Яго 10-гадовая дзейнасць у філіяле адзначана Ганаровай граматай КУП “Віцебскаблдарбуд”.
І гэта заслужана. Сяргей Мікалаевіч пачынаў працаваць на кар’еры. Кола абавязкаў было намнога меншае, чым зараз на пасадзе начальніка аўтатранспарту, але, шчыра кажучы, спакой не для гэтага энергічнага, дзейснага чалавека. Яму больш падабаецца шчыраваць, вырашаючы задачы, спраўляючыся з праблемамі. Адказваць за парк у 54 транспартныя адзінкі, якія маюць вялікую зношанасць, – гэта даволі адчувальны галаўны боль. Тым не менш пад кіраўніцтвам Альхімёнка тэхніка заўсёды на хаду. Справіцца ў тэрмін з яе рамонтам і абслугоўваннем дапамагаюць уласны прафесіяналізм, прынцыповасць, уменне наладжваць адносіны з людзьмі, сярод якіх, на думку Сяргея Мікалаевіча, няма выпадковых, кожны перажывае за агульную справу. Ён з задавальненнем называе прозвішчы вадзіцеляў Юрыя Далжука, Аляксандра Францкевіча, Мікалая Андрыеўскага, слесара Юрыя Бельчука, якія заўсёды своечасова і якасна спраўляюцца з даручанымі заданнямі. І такіх работнікаў у ДРБУ № 180 большасць, што і забяспечвае стабільнае выкананне арганізацыяй вытворчых і дагаворных абавязацельстваў.