Рейдовая бригада побывала на фермах КУП “Докшицкий” и ОАО “Барсучанка”
На мінулым тыдні рэйдавая брыгада ў складзе памочніка ўрача-гігіеніста цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталлі Скакун, прафсаюзнага інспектара па ахове працы Вольгі Купрэвіч і супрацоўніка раённай газеты Алены Несцяронак пабывала на малочнатаварных фермах КУП “Докшыцкі” і ААТ “Барсучанка” з мэтай праверкі іх падрыхтоўкі да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы.
У ходзе праверкі былі выяўлены парушэнні і недапрацоўкі, рэкамендацыі і прадпісанні па якіх, паводле слоў Наталлі Скакун, выдаюцца з году ў год.
– Нават не заязджаючы на канкрэтную ферму, магу пералічыць, якія парушэнні там неабходна ўстараніць, – адзначыла Наталля Іванаўна, – і працэнт маёй “празорлівасці” звычайна набліжаецца да лічбы “дзевяноста”. На пэўных МТФ на некаторыя нашы заўвагі і парады калі і рэагуюць адпаведным чынам, то шчасце такое ненадоўга: абы адпісацца. Часцей жа не рэагуюць зусім.
Першай наведалі МТФ “Двор Порплішча” КУП “Докшыцкі”, і яна, варта адзначыць, парадавала: праведзена дэзінфекцыя, пабелена стойлавае памяшканне, у бытоўках і малочным блоку парадак, належнае асвятленне, тэрыторыя абкошана. І гэта з’ява не часовая, а пастаянная. Ісціна простая: ёсць там сапраўдная гаспадыня – Ганна Чабан, ёсць і парадак. Адзіная заўвага – няма агароджы, што, прынамсі, з’яўляецца своеасаблівым “брэндам” жывёлагадоўчых фермаў гэтага сельгаспрадпрыемства.
А вось кароўкам, што жывуць на ферме “Слабада”, вяртацца з пашы ў памяшканне будзе ўжо не так прыемна, бо там іх, мяркуючы па ўсім, не дужа чакаюць. Памяшканне як бы пабелена, але чамусьці шэрага колеру. Пэўна, ачыстка перад пабелкай праведзена абы-як. Але гэта яшчэ не самае дрэннае. Больш хвалююць дзіркі ў даху – яго за лета так і не парамантавалі. Ці карысная для жывёлы і работнікаў фермы такая вентыляцыя, сказаць не бяромся, мусіць, кіраўніцтва гаспадаркі лічыць, што так. Малочны блок на ферме таксама не пакінуў добрых уражанняў, а толькі пытанні, адно з якіх: чаму пры наяўнасці стэлажа бітоны пакіданы абы-дзе на падлозе?
Веснавое і асенняе разводдзе на тэрыторыях многіх фермаў, калі паўсюдна гразь і лужыны, вялікія і маленькія, – з’ява хоць і недапушчальная, але дастаткова звыклая. Але каб вада, як на “Слабадзе”, запаўняла ўвесь тамбур! Хаця… можа, і ёсць у гэтым таксама карысць: заходзіш у памяшканне ці выходзіш з яго – гумовыя боты ў той лужыне мыюцца. А без гумовікаў розным там праверкам чаго па фермах сноўдацца?
МТФ “Бабічы” сустрэла нас замкамі, таму заўвагу можна выказаць толькі па тэрыторыі, а яна якраз была неабкошанай. На ферме “Літоўцы” стойлавае памяшканне да пастаноўкі статку падрыхтавана, а вось людзям там, мусіць, знаходзіцца не зусім камфортна, мяркуючы па бытоўцы. Хаця, калі ніякія меры не прымаюцца, значыць, усім добра?
Ферма “Валодзькі”, апошняя з наведаных у КУП “Докшыцкі”, пакінула, як і “Двор Порплішча”, прыемныя ўражанні: і стойлавае памяшканне, і малочны блок, і тэрыторыя. Вывад: адна гаспадарка, а вось стан тых фермаў, што ёсць, пры аднолькавых умовах розны. Чаму? Пытанне зусім не рытарычнае, і адказ на яго лаканічны і просты: чалавечы фактар.
Наведванне МТФ ААТ “Барсучанка” пачалі з фермы “Лапліна”, палюбаваліся акуратнай тэрыторыяй і чысцюткім малочным блокам, у якім усё абсталяванне дагледжана і знаходзіцца на сваіх месцах. З прыўзнятым настроем накіраваліся ў памяшканне, дзе зімуе дойны статак. Мажорны лад тут жа змяніўся на мінор: ні табе дэзінфекцыі, ні пабелкі, хмара галубоў, якія ўсю падлогу пакрылі пер’ем і адходамі сваёй жыццядзейнасці. Каб не паўтарацца, адзначу, што ў наведаных фермах гаспадаркі ставіць жывёлу на зіму ў кароўнікі са свежапабеленымі сценамі і столлю чамусьці не прынята.
МТФ “Варганы”, як вядома, ферма больш сучасная і ўладкаваная: тэрыторыя з’яўляецца эталонам парадку і прыгажосці, унутры ёсць мужчынская і жаночая гардэробныя, функцыянуюць туалеты і душавыя кабіны. На заўвагі там заўжды рэагуюць належным чынам, што было адзначана Наталляй Скакун і на гэты раз: смецце не ляжыць доўгі час у кантэйнеры, а збіраецца ў мяхі і вывозіцца.
Па малочным блоку на МТФ “Порплішча заўваг вялікіх няма, а вось бытоўка непрыемна ўразіла: бруд, неахайнасць, акуркі. У стойлавым жа памяшканні сёлета памянялі асвятленне, перайшлі на энергазберагальныя лямпы. Кожная даярка зараз можа ўключыць ці выключыць святло менавіта ў сваёй секцыі.
Яшчэ адзін штрых: з усіх наведаных фермаў у гаспадарках, за выключэннем “Варганоў”, прыбіральню заўважылі толькі на МТФ “Бабічы”. Вось і ўся культура быту.
МТФ “Барсукі” сустрэла нас даволі ўтульным пакоем адпачынку (праўда, памыць рукі і там няма дзе), дык затое малочны блок знаёма “ўсміхнуўся” велізарнай дзіркай у столі. У стойлавым памяшканні дагэтуль не ўцеплены дзверы. Чаму так? Дома ж нікому не прыйдзе ў галаву трымаць жывёліну ў холадзе. Зразумела, на штосьці не хапае грашовых сродкаў, але каб не зрабіць элементарнае… Абыякавасць – “Якая зарплата, такая і работа” – толькі закручвае яшчэ больш спіраль праблем, і атрымліваецца наадварот: якая работа, такая і зарплата. Якім чынам разамкнуць гэтае кола? – пытанне, падобна на тое, у жывёлагадоўлі вечнае.
Фота А. Несцяронак.