Данила Мацаль работает следователем в Докшицах

img_8610Малады праваахоўнік Даніла Мацаль у раённы аддзел Следчага камітэта прыйшоў на службу нядаўна, крыху больш за два месяцы, пасля заканчэння следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС РБ.

– Бацькам мой выбар прафесіі падаўся дарослым і абдуманым, таму з радасцю яго падтрымалі, хаця самі працу­юць зусім у іншых сферах. Мама – у паліклініцы, тата – вадзіцель-дальнабойшчык, – гаворыць Даніла. – Яшчэ ў школе я марыў пра пагоны, бо лічыў, ды і зараз так лічу, што іх носяць сапраўдныя мужчыны. Дарэчы, усе мае сябры таксама выбралі прафесію, так ці інакш звязаную са службай у органах.
Поўнае ж усведамленне правільнасці выбару прыйшло падчас вучобы ў Акадэміі.Цікавымі былі тэарэтычныя дысцыпліны, якія спалучаліся з практычнай падрыхтоўкай ва ўмовах, максімальна набліжаных да будучых прафесійных абавязкаў. Давялося пазнаёміцца з сапраўднымі прафесіяналамі ў следчай справе, таму і практыка ў Ленінскім райаддзеле Следчага камітэта г. Мінска была надзвычай цікавай і пазнавальнай, а самае галоўнае – вельмі карыснай.
– Яшчэ тады зразумеў, што ў следчай практыцы важныя дакладнасць, абавязковасць, уменне правільна размерка­ваць кожную хвіліну часу, – гаворыць Даніла. – Без гэтага нічога не паспееш зрабіць. Таму я нават завёў штодзённік, у якім па пунктах запісваю, што і калі трэба выканаць. Вельмі дапамагае мой сённяшні настаўнік, адзін з вопытнейшых калег, старшы следчы маёр юстыцыі Сяргей Жданько. Ён уводзіць у курс справы максімальна і аператыўна. Нюансаў у рабоце шмат. Трэба дакладна вытрымліваць тэрмін узбуджэння крымінальнай справы, бо папярэдняе следства павінна быць завершана не пазней за два месяцы.
Малады следчы расследуе крадзяжы, злачынствы, звязаныя з прычыненнем цялесных пашкоджанняў, і іншае. Зараз у яго на расследванні знаходзіцца пяць спраў. На пытанне, якія якасці патрэбны следчаму, адказаў адразу: “Хутка думаць, прытрымлівацца прафесійных прынцыпаў, быць стрэсаўстойлівым, умець прымаць аргументаваныя рашэнні і браць на сябе адказнасць.’’
Магчыма, Даніла і зможа працаваць менавіта так, нездарма ж яго кумір Раман Шылаў – легендарны герой расійскага серыяла “Ментоўскія войны”. Ды і знешне ён падобны на Аляксандра Усцюгава, акцёра, які выконвае ролю разумнага і вельмі дастойнага паліцэйскага.
Таццяна ­
ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *