Уроженец Докшицкого района, заслуженный артист Республики Беларусь Александр Васько вспоминает о малой родине и дорогих людях

a-1326Сустрэча з гэтым цудоўным чалавекам адбылася выпадкова. Праязджаючы па Дамашкавічах, убачылі ля варот прыгожай сядзібы сямейную пару, што наводзіла парадак на вуліцы, спыніліся запытацца, як праехаць да патрэбнага дома. Сужэнцы вельмі прыязна патлумачылі, прычым мужчына – на чысцейшай беларускай мове. Умомант забыліся, куды ехалі: так захапіла гаворка.
Аляксандр Васько аказаўся не проста нашым земляком, а чалавекам дастаткова вядомым у артыстычных колах і сярод аматараў тэатра. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, вядучы акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, у якім праслужыў чатыры дзесяцігоддзі. За свой талент і працу мае вялікую колькасць узнагарод, сярод якіх медаль Францыска Скарыны і Ганаровая грамата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Як многія таленавітыя і рознабакова адукаваныя людзі, Аляксандр Пятровіч вельмі сціплы, лёгкі ў размове. Інтэлігент. Патрыёт. Цікавы субяседнік, якога можна слухаць гадзінамі. Сапраўдны беларус і знешне – русавалосы, блакітнавокі, з мяккім голасам і цёплай усмешкай.
Крыху пазней Аляксандр Пятровіч наведаўся ў рэдакцыю, і адной з тэм нашай размовы стала малая радзіма. Да глыбіні душы, да слёз закрануў маналог гэтага на дзіва светлага і мудрага чалавека. Думаецца, яго згадкі пра дзяцінства і юнацтва на Бягомльшчыне, вобразы і лёсы дарагіх людзей не змогуць пакінуць абыякавым ніводнага чалавека з тых, для каго месца, дзе нарадзіўся і вырас, не проста кропка на карце.

– З чаго для мяне пачынаецца родны кут? Цяжка сказаць адназначна. Можа, гэта першы ўспамін пра маці, калі мне было тры-чатыры гады. Яна займалася на кравецкіх курсах і павінна была па вечарах хадзіць на заняткі. А я чапляўся за падол, не пускаў. Гэткага румзу трэба было пашукаць нават сярод дзяўчынак. Мама мяне гла­дзіла па галаве і прасіла адпусціць. Я ж заліваўся слязьмі яшчэ больш. Колькі гадоў мінула, а я памятаю яе цёплыя грудзі і мяккія вусны.
А можа, гэта дзень, калі мы з ­ба­ць­кам паехалі глядзець “хрушчобу”, у якую павінны былі неўзабаве пераехаць. Доўга ехалі, затым ішлі, і вось я ўбачыў вялізны дом, над якім узвышаўся жалезным буслам кран. Памеры будынка так уразілі, што дагэтуль памятаю сваё захапленне. А зараз, праходзячы міма гэтага “волата”, здзіўляюся несамавітасці, няўклюднасці дома майго дзяцінства.
Таму родны кут – гэта родная вёска маіх бацькоў на Бягомльшчыне, сярод дрымучых партызанскіх лясоў, з невялікай рачулкай, якую пазней меліяратары загубілі. Дом, пабудаваны дзядулем, з вялікім падвор’ем, а дзесьці за дваццаць крокаў праз вуліцу – дом бацькавай маці, непакорнай удавы “ворага народа” дзеда. Божа ж ты мой, за што столькі пакут наслаў ты на галовы ні ў чым не павінных маіх бабуль і дзядулі?
У бабкі Наталлі ў 37-ым забралі мужа, былога старшыню калгаса. Забралі і загубілі. Дзе – невядома. Бацька казаў, што, мабыць, памёр ад непасільнай працы, голаду і холаду на Калыме. Разам з дзедам не вярнуліся яшчэ чатыры стрыечныя і траюрадныя яго браты. У бабулі засталося на руках пяцёра сыноў. У вайну дваіх малодшанькіх немцы забілі. Абяцалі жыццё тым, хто выйдзе з блакіраванага ў лясах партызанскага атрада, і яны, галодныя і змучаныя, паверылі. А праз некалькі дзён знайшлі іх партызаны забітымі ў нейкай закінутай лазні. За што?! З трох астатніх братоў толькі дзядзьку Антося абмінула куля. У бацькі прастрэлена спіна, у дзядзькі Валодзі – рука…
vaskoУ бабкі Зосі мой дзядуля трэці муж. Першага, Антося, забілі ў імперыялістычную. Засталася з маленькім Валодзем. Выйшла за Янука, брата майго дзеда Сцяпана. А ён у пачатку 20-ых памёр ад тыфу. Дзядуля пашкадаваў жанчыну і сказаў: “Куды ж ты пойдзеш? Заставайся, будзем з табой жыць”. І пайшлі ў іх дзеткі, але выжыла толькі мая мамка, астатнія паўміралі ад пнеўманіі: нечым было лячыць.
У дзеда Сцяпана быў яшчэ брат Іллюк. Калі арганізавалі калгас, ён адмовіўся ў яго пайсці. Да апошняга, да 38-га, цягнуў са старэйшымі сынамі аднаасобную гаспадарку. Абкладвалі яго падаткамі, здзекаваліся, нават палілі. А ён упіраўся і працаваў, працаваў… Засталося толькі знішчыць гэтага непахіснага чалавека і сапраўднага гаспадара. Дзе і як ён памёр – таксама не ведаем. І ў яго засталося пяцёра сыноў. Усе яны куміры майго дзяцінства – незвычайна мудрыя, працавітыя і добрыя людзі.
Хіба магу забыць дзядзьку Андрэя з яго непаўторным басам і говарам, калі прыходзіў ён у госці да дзеда Сцяпана на кілішак-другі самагону ці застрэліць кабанчыка, незвычайна цікавыя расказы пра вайну, пра жыццё, пра жанчын. Раптоўна расповеды перарываліся сухім балючым кашлем – наступствам ранення, прабітага лёгкага. Ён і памёр яшчэ не стары, у 65.
А дзядзька Іван, які прайшоў усю вайну, аж да Германіі, таксама двойчы паранены, але з вечнай цыгаркай у зубах. Ён прыходзіў да нас, прасіў мяне пачытаць якую-небудзь кніжку, а потым ставіў адзнаку. Мой дарагі першы настаўнік, зямля яму пухам!
Ці дзядзька Коля, мой першы пасля школы працоўны выхавацель, чалавек, які ўсяго сябе аддаваў пляменнікам, дапамагаў ім станавіцца на ногі. Мо, таму і “згарэў”, ледзь дасягнуўшы 50-і. Калі падумаю, колькі дарагіх людзей сышло ў магілу, становіцца горка. Але тады, у дзяцінстве, усе яны былі жывымі. І такімі роднымі!
Мой любімы чалавек – дзед Сцяпан. Па яго расказах можна было б напісаць не адну кнігу. Дзядуля выратаваў мне жыццё яшчэ да таго, як я з’явіўся на свет. Маці мела ўжо дзвюх дачок, трэцяга дзіцяці не хацела і мелася зрабіць аборт. Але дзед прыехаў з Пруднікаў у Менск і забараніў ёй гэта. Так што дзякуючы яму я жыву.
Дзядуля быў вельмі здольным чалавекам. Калі служыў у арміі ў пачатку стагоддзя, навучыўся добра шыць. Гэта дапамагала яму потым, у галодныя сталінскія часы. Яшчэ ў вёсцы дзед лічыўся лепшым самагонаварам. За саматужкай да яго ішлі з усёй акругі. Нават мне, малому, дзед, бывала, раніцай наліваў крышачку свайго зелля – для апетыту. П’яніцам я ад гэтага не стаў, а елася сапраўды добра. Гаспадарка ў дзеда была заўжды дагледжаная, да ўсяго ён быў заўзятым пчаляром, меў ладную пасеку. Частку мёду вёз на базар, а частку нам у Менск.
Але самае галоўнае – дзядуля вельмі любіў бабулю. Заўсёды ўставаў перш за яе, карміў свіней, даіў і выпраўляў на пашу карову. І толькі тады бабуля ўставала і гатавала сняданак. Гэта не значыць, што яна была гультайкай – працавала за траіх, але дзед заўсёды падкрэсліваў свае трапяткія да яе адносіны.
Мая мама засталася ў бабы Зосі адзіным дзіцем. Дзядзька Валодзя ўвосень 39-га пайшоў у войска і ў 41-ым павінен быў вярнуцца. Не паспеў, загінуў у першыя дні вайны. Сама мамка ў 43-ім у 15 гадоў была вывезена ў Германію і працавала там да перамогі. Жыла ў добрых гаспадароў, якія прапанавалі застацца, але вярнулася да бацькоў, на радзіму, у Пруднікі. Тады ж пасля доўгага лячэння ў шпіталях і санаторых прыехаў дадому бацька. Ён быў старэйшы за матулю на 15 гадоў, што не перашкодзіла ім пажаніцца. Мае старэйшыя сёстры нарадзіліся ў Прудніках, а я – у Менску. Толькі малой радзімай сваёй лічу менавіта гэтую вёску.
На два гады перад школай мяне адправілі туды на жыхарства, бо бацькі працавалі, сёстры вучыліся, а мяне не было з кім пакідаць. Памятаю, як мяне давезлі да вёскі Вітунічы, а там у вялікі дождж сустракаў дзядуля на машыне і павёз у Пруднікі – 10 кіламетраў па суцэльнай гразі. Дождж ліў, а ў кабіне на каленях у дзеда было цёпла і ўтульна. Па прыездзе бабуля вітала нас нацепленай грубкай і смачнымі блінамі. Столькі гадоў праляцела, а я, здаецца, усё аддаў бы за хоць хвіліннае вяртанне ў той дзіцячы казачны рай любові, цяпла і дабрыні.
Калі я стаў падлеткам, яшчэ нера­зумным, можна сказаць, дурнаватым, як многія ў такім узросце, то часам крыўдзіў няўвагай або неасцярожным словам сваіх ужо бездапаможных бабулю з дзядулем. Гэты грэх не замаліць, я вінавачу сябе і ўстаю на калені перад памяццю маіх дарагіх дзеда Сцяпана і бабы Зосі, іншых родзічаў, чые вобразы грэюць душу і сталі для мяне ўвасабленнем маёй любай маленькай радзімы.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *