Виктором Орловским гордиться Докшицкий район
Віктар Арлоўскі – імя, вядомае кожнаму ў раёне, хто хоць зрэдку наведвае раённыя святы, бо практычна ў кожнай канцэртнай праграме Віктар Феліксавіч выступае як саліст, спявае ў дуэце або ў складзе народнага ансамбля “Землякі”. Для жыхароў Параф’янаўскага сельсавета і іншых населеных пунктаў, дзе давялося выступаць параф’янаўскім артыстам, ён яшчэ таленавіты рэжысёр-пастаноўшчык драматычных спектакляў і акцёр у адной асобе. А сказаць дакладней, то Арлоўскі – адзін з тых людзей, для якіх работа – гэта жыццё, а жыццё – гэта работа. Культработнік па сваёй унутранай сутнасці, светапоглядзе і светаўспрыманні, ён колькі сябе памятае, столькі і выступае на сцэне. У другім класе ўжо выходзіў на раённую, а праз пару гадоў паспяхова прымаў удзел ва Усесаюзным конкурсе юных выканаўцаў “Чырвоныя гваздзікі”.
Бацькі бачылі яго настаўнікам, ён дадаткова займаўся, а ўпотай думаў пра Мінскі інстытут культуры. Да гонару старэйшых Арлоўскіх, яны не сталі пярэчыць сыну, калі даведаліся пра яго намер. Прынялі будучую прафесію Віктара, хаця дакладна ведалі, што з ёй ён будзе ўсе 24 гадзіны ў суткі.
Студэнцкія гады – залаты час, калі юнак не прапускаў ніводнага канцэрта, прэм’еры, спаборніцтваў на стадыёне “Дынама”. Але, маючы накіраванне на вучобу ад калгаса імя К. Маркса, вымушаны быў вярнуцца працаваць у Станіслаўцы. Потым будзе Гняздзілава, Юркаўшчына, і толькі ў 2002 годзе ён прыйдзе ў Параф’янаўскі СДК мастацкім кіраўніком.
Да гэтага часу ў яго асабістым заплечніку ўжо было багата прафесійнага вопыту, які назапашваў дзякуючы зносінам з таленавітымі людзьмі, энтузіястамі культработы. Сёння з удзячнасцю ўспамінае Пятра Грыгаровіча, які запрасіў 18-гадовага Віктара спяваць у ансамбль народнай музыкі і песні “Касары”. У Юркаўшчыне яго першай памочніцай была Марыя Румсевіч, настаўніца з душой артысткі. З удзячнасцю называе Алену Жданько, Эмілію Немкаловіч, Тамару Жукаву, Яўгена Грыгаровіча, Тадэвуша Цягуновіча, якія дапамагалі ўжо ў Параф’янаве рабіць першыя крокі. Роберт Пянткоўскі, Вікенцій Скараход – гэта тыя людзі, якіх Арлоўскі лічыць сваімі настаўнікамі. Тое, чаму навучыўся, у спалучэнні з асабістым уменнем знаходзіць здатных людзей, прывучаць іх да сцэны і нарадзіла параф’янаўскі феномен. Маецца на ўвазе калектыў мастацкай самадзейнасці, у якім, па самых сціплых падліках, значыцца каля 30 чалавек, у тым ліку дарослых людзей самых розных прафесій. Падобным не можа пахваліцца і гарадская самадзейнасць, якая ўсё больш абыходзіцца сваімі сіламі. Так прасцей і лягчэй. Да людзей пабочных патрэбны падыход, з імі трэба шмат рэпеціраваць, у тым ліку і ў вольны час. Арлоўскага гэта не пужае, і таму ў час канцэртаў на сцэне не намнога менш людзей, чым у зале. А яшчэ столькі ж тых, хто жадае трапіць у артысты. Яго сённяшнія паплечнікі Алена Малышава, Ірына Шылёнак, Валянцін Салаўёў, другое пакаленне Жукавых і Цягуновічаў, усіх пералічыць немагчыма.
Дзейнасць Параф’янаўскага СДК – гэта абавязковыя вялікія мерапрыемствы самага рознага кшталту, прымеркаваныя да каляндарных, рэлігійных святаў, а таксама работа гурткоў, у тым ліку драматычнага, пастаноўкі якога неаднаразова прымалі ўдзел у абласным аглядзе сельскіх драмкалектываў “Тэатральныя далягляды вёскі” і абавязкова атрымлівалі ўзнагароды. Гэта дзейнасць народнага калектыву “Землякі”, гастролі па ўстановах культуры раёна і шмат чаго яшчэ, што ёсць заўсёды, калі людзі працуюць з любоўю да сваёй прафесіі. Параф’янаўскаму СДК на такіх заўсёды шанцавала. Віктар Арлоўскі, Алег Каляга, Святлана Пашкоўская, Аляксандр Кучыц, без перабольшвання, культработнікі, якімі ганарыцца галіна.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: выступае народны ансамбль “Землякі”,
другі справа – Віктар Арлоўскі.
Фота В. Чарвінскага.