«Быть юристом мечтала ещё в школе», – говорит Влада – молодой специалист из ОАО «Докшицкого райагросервиса»

Юрыст Улада Савіцкая займела прафесію па душы.

Юрыст Улада Савіцкая займела прафесію па душы.

У першую нядзелю снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень юрыста – прафесійнае свята для ўсіх, хто звязаў сваё жыццё з юрыдычнай дзейнасцю. У іх ліку суддзі, юрысконсульты, натарыусы, прадстаўнікі некаторых іншых прафесій. Шматгранная работа юрыста заўсёды застанецца запатрабаванай у грамадстве, як у невялікай арганізацыі, так і ў самых высокіх структурах.

Выпускнікам школ бывае складана вызначыцца з будучай прафесіяй, і сапраўды, гэта зрабіць не так проста. Адны жадаюць, у першую чаргу, атрымліваць ад работы задавальненне. Другія – мараць аб прафесіі, найбольш запатрабаванай на рынку працы, іншыя – хочуць прыносіць карысць грамадству.
Улада Савіцкая палічыла, што ўсім гэтым крытэрыям адпавядае прафесія юрыста, таму і выбрала менавіта яе. Выпускніца, ды яшчэ з залатым медалём, адразу паступіла ў БДУ і на юрфаку была адной з лепшых студэнтак. Падабалася вучыцца, а зараз яшчэ больш падабаецца працаваць.
– Юрыстам у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” з’яўляюся зусім нядаўна, – гаворыць Улада. – Усяго некалькі месяцаў. Работа рознапланавая, аб’ёмная, але разам з тым цікавая. Вельмі ўдзячна дырэктару Генадзю Кальчынскаму, якога, на жаль, ужо няма з намі. Ён вельмі падтрымліваў маладых спецыялістаў, па магчымасці заахвочваў матэрыяльна, стараўся, каб для ўсіх умовы працы былі камфортнымі.
У ліку прафесійных абавязкаў маладога юрыста – поўнае заканадаўчае суправаджэнне дзейнасці акцыянернага таварыства. Гэта падрыхтоўка дакументацыі і кантроль за правільнасцю афармлення вялікай колькасці дакументаў, прававая ацэнка дагавораў і работа з кантрактамі. Для сябе Улада засвоіла асноўныя правілы: галоўнае — выдатна ведаць законы, а яшчэ, канечне, умець наладжваць кантакт з людзьмі.
– Наша сельгаспрадпрыемства супрацоўнічае з юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якім для вядзення свайго бізнесу неабходны памяшканні, — гаворыць юрыст. — Самы просты спосаб рашэння гэтай праблемы – узяць іх у арэнду ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Зараз падобныя памяшканні арандуюць прыватнікі ў Докшыцах і Параф’янаве. Некаторыя арандатары заключаюць нават доўгатэрміновыя дагаворы на 20 гадоў, а адзін прадпрымальнік пажадаў выкупіць у Крыпулях будынак рамонтных майстэрань. Новы гаспадар плануе заняцца ўласнай справай.
Юрыст заўсёды павінен сачыць за зменамі ў заканадаўчай базе, арыентавацца ў ёй і ўмець граматна прымяняць законы на практыцы. Мяркуецца, што для маладога спецыяліста аграсэрвіс стане тым месцам, дзе яна набудзе патрэбны вопыт і стане сапраўдным прафесіяналам.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *