Как бороться с грустью и с собственными трагедиями, поделилась волонтер Виолетта Новицкая из г. Докшицы

Віялета Навіцкая: грамадскі актывіст і рамантычная асоба.

Віялета Навіцкая: грамадскі актывіст і рамантычная асоба.

У кожнага чалавека ёсць свае перажыванні і жыццёвыя клопаты. У кожнага і свая метода, каб пазбавіцца ці хаця б на час адкласці непрыемныя думкі, якія без запрашэння лезуць у галаву. Хтосьці знаходзіць “выхад” у шклянцы з гарэлкай, хтосьці ў спорце, але нямала і тых, хто ідзе і дапамагае іншым. Пра тое, як змагацца з сумам і з ўласнымі трагедыямі, падзялілася валанцёр Віялета Навіцкая.

Быў лес —стаў парк

З ёй мы сустрэліся ля касцёла ў Бярозаўцы. Тут прысутнічалі і яе муж Юрый, і айцец Тадэвуш Кавальскі, а таксама рэабілітанты з цэнтра “Светач”, які цесна супрацоўнічае з докшыцкім касцёлам. Мужчыны і жанчыны рознага ўзросту дапамагаюць прыхарашыць навакольную тэрыторыю. У цэнтры гэта завецца працоўная тэрапія. Каб настрой быў бадзёры, працоўны дзень пачынаецца з гарачай гарбаты і кавы. Пасля гэтай прыемнай традыцыі з Віялетай ідзем да павеці, дзе яна выдае ўсім, хто сабраўся, садовы інвентар. І праз некалькі хвілін людзі, весела размаўляючы, разыходзяцца па парку. Зграбаюць лісце, складваюць сукі і распальваюць вогнішча.
– У мінулым годзе на парк і алею без жалю нельга было глядзець, – распавядае валанцёр. – Гэта быў сапраўдны таямнічы лес. Паваленыя і гнілыя дрэвы перашкаджалі росту маладняку. Шмат было смецця, бу­тэлек. Але цяпер ёсць прасвет.
Сапраўды, работа праведзена вялікая. Парк прыбіраецца, а дарога, узбоч якой растуць векавыя ліпы, расчышчана, потым яна ўвойдзе ў маршрут крыжовага шляху. Ёсць тут і свая галгофа, якую зрабілі таксама неабыякавыя людзі.

Бярозаўская Галгофа

Бярозаўская Галгофа

Адзінокія ў натоўпе

Віялета ў актыўнай грамадскай дзейнасці пачала свой шлях яшчэ ў 90-х гадах, калі дапамагала на будаўніцтве касцёла ў Докшыцах. Скончыла ў свой час медыцынсккае вучылішча, затым філасофскі факультэт БДУ. Яшчэ калі працавала ў Докшыцкай ЦРБ ўчастковай тэрапеўтычнай медсястрой, пачалося знаёмства з тымі, каму і сёння актыўна дапамагае.
– Спачатку яны мяне сустрэлі аг­рэсіўна, а потым самі першыя віталіся, пыталіся, як справы, як настрой, калі яшчэ да іх прыйду. Гэта было прыемна. У кожнага з іх свой лёс, свае праблемы. На мой погляд, менавіта гэта катэгорыя людзей мае патрэбу ў дапамозе, – дзеліцца сваімі думкамі валанцёр. – Многім часцей не хапае проста чалавечых зносін, гаворкі, добрага слова.
І сярод тых, каго ў грамадстве называюць алкаголікамі, ёсць людзі, у душах якіх скрозь цемру прабіваецца маленькі сонечны прамень.
– Неяк заходжу наведаць адну жанчыну, – пасля чарговага рэйсу да вогнішча з сукамі прадаўжае валанцёр. – Амаль пустая хата, а на стале ляжыць зборнік з вершамі. Аказваецца, узяла ў суседзяў пачытаць. Калі такое бачыш, то разумееш, што чалавек яшчэ жыве і ёсць надзея на яго выратаванне. Пасля гэтага выпадку змянілася і стаўленне да такіх людзей.
Работа ідзе поўным ходам. Кожны заняты сваёй справай. Не застаюся ўбаку і таксама дапамагаю, чым магу. Чысцім парк і палім галлё. І на нейкі момант здаецца, што чысцім ад пустазелля і свае душы. З усім смеццем, што назапасілася за доўгія гады, выцягваем з сябе і шкодныя звычкі, становімся крыху бліжэйшымі да тых, хто побач. Што ні кажы, а праца на свежым паветры не толькі карысная для фізічнага здароўя, але, як пісаў Леў Талстой: “Калі мяне адольваюць дурныя думкі, я бяру плуг і іду араць у поле”.
– Не ўсім была зразумелая мая дзейнаць, – кажа Віялета. – Спрабуеш растлумачыць свой пункт гледжання, а натыкаешся на сцяну неразумення. Вядома, лягчэй сядзець дома, часам наведваць касцёл і лічыць, што ты робіш усё, што можаш. А на самой справе магчыма рабіць намнога больш. Жыцце не абмяжоўваецца толькі клопатамі пра сябе. Працую з рэабілітантамі цэнтра і бачу, як чалавек на вачах расцвітае, калі чуе добрае слова ў свой адрас. Пачынае жыць. Дапамагаеш яму — і сам атрымліваеш зарад станоўчай энергіі. Кожны з нас можа ўпасці, але не кожны здольны падняцца. Больш за тое, менавіта сярод людзей з’яўляецца пазітыў. Толькі агульнай працай магчыма дасягнуць любой мэты.

Філасофія жыцця

Віялета Навіцкая з непамернай любоўю адносіцца да сваёй малой радзімы – Докшыц. Цікавіць яе гісторыя і вабіць усё тое, што робіцца навокал. Не застаецца ў баку ад любой справы ці дзеяння.
– Што такое валанцёрства? – разважае жанчына. – Гэта не ад таго, што няма чым заняцца, гэта, у першую чаргу, сродак выратавання. Выратаваць магчыма толькі таго чалавека, які сам гэтага хоча. У мяне таксама была свая трагедыя. Цяжка зразумець чалавека з хваробай, калі ты сам ніколі не хварэў. Але калі прыходзіш у валанцёры, каб дапамагчы іншым, атрымліваецца, што дапамагаеш і сабе. Мяне пытаюцца: “Як ты можаш смяяцца?”. Я адказваю, што ў мяне няма прычын плакаць. Я прыходжу сюды, гутару з людзьмі, працую і выдатна сябе адчуваю. Нехта лічыць, што дастаткова штосьці расказаць, штосьці зрабіць, і праблемы і шкодныя звычкі сыдуць самі сабой. Але трэба разумець, што жыццё – гэта пастаянная барацьба з самім сабой. Я не хаваюся ад праблем, і дзяцей сваіх навучаю гэтаму ж. Каб яны раслі самастойнымі.
Калі кожны дзень раскладзены па гадзінах, а гадзіны па хвілінах, сумаваць няма калі. Валанцёр, маці траіх дзяцей, яна знаходзіць час звязаць шалік, вышыць крыжыкам, а таксама пісаць цудоўныя, пранікнёныя вершы, філасофскія апавяданні-роздумы.
– Першы верш напісала ў
шэсць гадоў. Да кніг, да паэзіі прывучыў дзядуля. Вельмі люблю чытаць да цяперашняга.
У гадоў 14-15 адкрыла для сябе “Архіпелаг Гулаг”. На той момант гэты твор зрабіў на мяне вялізнае ўражанне. Але калі гаворка датычыцца наогул савецкага часу, я кажу “стоп”. Мне вельмі непрыемна слухаць, як лаюць савецкую ўладу, бо я нарадзілася і вырасла ў Савецкім Саюзе. На мой погляд, было і добрае, і дрэннае, але ў мяне было шчаслівае дзяцінства і юнацтва. Мы павінны з павагай адносіцца да нашай гісторыі.
Віялета Навіцкая ніколі не спыняецца на дасягнутым і ў цяперашні час вучыцца ў тэалагічным каледжы, пасля заканчэння якога зможа выкладаць катэхезу для дарослых. А яшчэ разам з айцом Тадэвушам плануюць зрабіць у Бярозаўцы аб’яднанне для залежных людзей “Дом на паўдарозе”, а ў будынку былога бровара, які яшчэ патрэбна адрамантаваць, праводзіць гутаркі для рэабілітантаў.
— Часам мне кажуць: “Што ты там робіш? Ты ж змагла б уладкавацца на грашовую работу, зрабіць еўрарамонт.” Выходзіць, калі няма еўрарамонту, у нечых вачах я не адбылася? Але ёсць нешта большае, чым матэрыяльныя даброты, – гэта быць у гармоніі з сабой.
Цалкам падтрымлівае ідэю валанцёрства жонкі і Юрый, які таксама ў вольны час працуе пры касцёле.
І сапраўды, калі бачыш іх вочы, поўныя жыццёвай энергіі і аптымізму, не можа быць ніякага сумневу, што гэта сапраўды шчаслівыя людзі.

Пётр РОМЫСЛАЎ.
Фота аўтара і з асабістага архіва В. Навіцкай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *