Как получить повторное свидетельство?
Адной з самых распаўсюджаных падстаў для звароту ў органы ЗАГСа з’яўляецца згуба ці страта пасведчання аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану. Як атрымаць паўторны дакумент? На гэта пытанне адказвае загадчык раённага аддзела ЗАГСа Алена Ставер:
– Часцей за ўсё грамадзяне губляюць пасведчанні аб нараджэнні. Паўторныя дакументы аб нараджэнні дзяцей выдаюцца іх бацькам, апекунам, кіраўнікам дзіцячых інтэрнатаў, устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, у якіх знаходзяцца дзеці, а таксама органам апекі і ўнутраных спраў. Паўторныя пасведчанні аб усталяванні бацькоўства выдаюцца органам апекі, аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ў адносінах да асоб, прызнаных недзеяздольнымі, – апекунам, органам апекі і папячыцельства, аб смерці – родным i iншым членам сям’і памерлага, апекунам дзяцей нябожчыка, у тым ліку кіраўнікам дзіцячых інтэрнатаў, устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, у якіх знаходзяцца дзеці памерлага, а таксама органам апекі.
– Калі грамадзянін не мае магчымасці сам звярнуцца па выдачу паўторнага пасведчання?
– Дакумент можа быць выдадзены па даверанасці.
– Ці ёсць умовы, пры якіх паўторныя пасведчанні не выдаюцца?
– Так. Напрыклад, аб заключэнні шлюбу, які спынены або прызнаны несапраўдным. Паўторнае пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці не выдаецца бацькам, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
– Што трэба зрабіць для атрымання паўторнага пасведчання?
– Неабходна звярнуцца з пісьмовай заявай устаноўленага ўзору ў аддзел ЗАГСа па месцы жыхарства або па месцы захоўвання адпаведнага актавага запісу. Акрамя гэтага, прадставіць наступныя дакументы:
— заяву;
— пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу;
— пацвярджэнне аплаты дзяржпошліны (1 базавая велічыня – 25 рублёў 50 капеек);
— дакумент, які пацвярджае змену прозвішча ці іншых дадзеных грамадзяніна, у выпадку іх змены.