На МТФ «Морговица» АОА «Бегомольское» в Докшицком районе началась новая жизнь
З увядзеннем у строй малочнатаварнага комплекса “Бягомль” у ААТ “Бягомльскае”, дзе даільная зала разлічана на 600 галоў кароў, пэўныя змены закранулі іншыя МТФ гаспадаркі. Найбольш – ферму “Маргавіца”, дзе буйной рагатай жывёлы ўжо няма. Як вядома, зусім побач з фермай распачата будаўніцтва аграэкасядзібы. Каб забяспечыць будучых яе наведвальнікаў экалагічна чыстым мясам, яйкамі, можна сказаць, дамашняй прадукцыяй, на “Маргавіцы” арганізавалі падсобную гаспадарку.
На догляд за ёю перакваліфікаваліся аператары машыннага даення Лілія Радзюк і Святлана Шыванава. Жанчыны працуюць пазменна: адна да абеду, другая пасля. Падчас нашага прыезду на рабочым месцы засталі Лілію Іванаўну, якая прыязна згадзілася распавесці пра сваю клопатную гаспадарку і правесці экскурсію па былых кароўніках, рэканструяваных пад утрыманне птушкі, трусоў, коней і авечак.
– У нашы абавязкі ўваходзіць кармленне жывёлы і падтрыманне чысціні ў памяшканнях, – паведаміла даглядчыца. – Пакарміць усіх шматлікіх жыльцоў часу асабліва не займае, а вось на навядзенне парадку аддаём нямала сіл: усё-такі плошчы немаленькія, жывёла і птушка знаходзяцца не на мяккім подсціле. Завяршыў работу ў адным канцы – пачынай спачатку.
Праўдзівасць гэтых слоў пацвярджалі як знешні выгляд насельнікаў фермы, так і чысціня, якую можна бачыць толькі ў хлявах самых руплівых і старанных гаспадароў. Сцены, столь, перагародкі, праходы – усё пабелена. Вымецена чысцютка. Пры ўваходзе першай нас прывітала стракатая курыная ватага – галоў дзвесце. Налічылі ці не дзевяць пеўняў, якія, на дзіва, жывуць між сабой дастаткова мірна. Для птушак зроблены акуратныя седалы, а таксама ячэйкі, каб несціся. Адразу заўважым, што з кожнай секцыі, як у птушак, так і ў жывёлы, ёсць выхады на прасторныя выгульныя дворыкі. У гусей, якіх там зараз два дзясяткі, нават нешта накшталт сажалкі маецца.
Індыкоў на ферме таксама шмат. Лілія Іванаўна распавяла, што птушак ім давялося вырошчваць з малечы, а той, хто разводзіў індыкоў, ведае, якія кволыя і патрабавальныя яны да ўмоў кармлення і асабліва ўтрымання ў маленстве. Так што жанчынам, як гаворыцца, “рэспект”: новую справу асвоілі на выдатна. Як і догляд за трусамі, якіх, прызнаецца Лілія Іванаўна, яны з калегай дома ніколі не трымалі.
Коней і авечак даглядчыцы кормяць сенам, даюць таксама камбікармы, вытворчасць якіх у гаспадарцы наладзілі нядаўна, сочаць, каб у спецыяльных ёмістасцях заўжды было ўдосталь чыстай вады. Зараз мяса і яйкі з падсобнай гаспадаркі рэалізуюцца ў сталіцы па добрай цане.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага