Работаем по-новому – живем по-старому?
Як мінімум, трэцюю частку сутак, за выключэннем выхадных і водпускаў, мы праводзім на рабочых месцах. Зразумела, не ва ўсіх гэта ўтульныя, цёплыя, зручна абсталяваныя кабінеты. Таму так важна, каб тыя работнікі, каму даводзіцца працаваць непасрэдна па вытворчасці, мелі памяшканне, дзе можна адпачыць, перакусіць, абмеркаваць з калегамі якіясьці пытанні. Таму менавіта стан бытовак найбольш цікавіў рэйдавую групу, якая праехала па жывёлагадоўчых фермах ААТ “Таргуны”.
Першы прыпынак – малочнатаварны комплекс “Вецяра”. Там прыязна сустрэла яго загадчыца Ларыса Аліноўская і ахвотна павяла аглядаць тэрыторыю, малочны блок, даільную залу і бытавыя памяшканні. Чаму ахвотна, становіцца зразумелым адразу: саромецца беспарадку, неахайнасці, грубых парушэнняў тэхналогіі ўтрымання жывёлы і іншых, такіх актуальных для многіх фермаў хібаў, ёй не прыходзіцца. У належным стане падтрымліваюцца там прыбіральні і душавыя, бытавое памяшканне прасторнае, светлае, з электрычным чайнікам і чыстым посудам на стале, адзенне жывёлаводаў не вісіць і не валяецца абы-дзе – знаходзіцца ў шафе. Толькі вось, як нам падалося, адной шафы для яго малавата, ды і сталоў парачку са стуламі – нейкая ж мэбля часам мяняецца, абнаўляецца ў праўленні гаспадаркі – варта было б дабавіць. Як-ніяк, некаторыя работнікі на комплексе знаходзяцца па 12 гадзін, можна б і большай кампаніяй перакусіць, той кавы папіць, а прытуліцца, як кажуць, няма дзе.
У старым памяшканні фермы бытоўка, зразумела, менш утульная, але асаблівых заўваг па парадку ў ёй няма. Работнікі забяспечаны спецадзеннем, станоўчыя ўражанні выклікала і наведванне малочнага блоку. Адзінае – дэздыванкі на ўваходах даўно ўжо пара замяніць.
А вось бытоўка на МТК “Таргуны” непрыемна ўразіла. Пакой той мог бы быць дастаткова ўтульным, калі б прыкласці для гэтага мінімум намаганняў. Так, пластыкавыя панелі, якімі абабіты столь і сцены, памянялі белы колер на шэры ў выніку жыццядзейнасці полчышча мух, што радуюцца сонцу там да гэтай пары. А панелі ж тыя выдатна і хутка адчышчаюцца вадой са сродкам для мыцця посуду. Узяць швабру, чыстую мяккую анучу – прывесці іх у належны стан некалькі хвілін работы. Вядома, калі не запускаць гэту справу. Цюль, якім завешана бруднае акно, таксама памяняў колер, толькі ўжо з белага на рыжы. Пасуе да яго і з’едзены ржой чорны крываваты карніз. Стол, засланы пажаўцелымі газетамі, падлога, дзе пад нагамі трашчыць пясок, і ходнік, з якога таго пяску, мусіць, выб’еш з паўвядра, ярка дапаўняюць карціну. Пра шафы для адзення ні кіраўніцтва гаспадаркі, ні самі жывёлаводы не паклапаціліся: добра, што яшчэ вешалка ёсць.
МТК “Тумілавічы” “дабіў” сваім знешнім выглядам. У бытоўцы, без лішніх апісанняў, брудна, у малочным блоку няма стэлажа для бітонаў. Пра панараму тэрыторыі і гаварыць не хочацца: вялізныя лужыны, якія падступаюць у тым ліку і да траншэй з кармамі, паўсюдна гразь, разбітая, разрэзаная коламі тэхнікі. На носе зіма, а статак утрымліваецца ў памяшканні з незашклёнымі вокнамі. Дапусцім і такое, што няма лішніх сродкаў іх зашкліць, дык нават не парупіліся да пастаноўкі жывёлы забіць праёмы плёнкай. Рагуляў не шкада, то хоць пра ўласнае здароўе варта паклапаціцца: як працаваць на скразняках?
Адагрэліся душой на ферме “Несцераўшчына”. Вядома, пэўныя заўвагі спецыялістамі былі выказаны. Але з першага погляду стала ясна, што працуюць там неабыякавыя людзі. Бытоўкі пліткай ды лінолеумам не могуць пахваліцца, а вось чысцінёй, утульнасцю, праславутай прысутнасцю жаночай рукі – так. Прынеслі з дому рэшткі шпалер, падабралі па колеры, паклеілі – нават модна атрымалася. Самаробны яркі стэнд для віншаванняў, шафка для посуду, у якой – прадэманстравалі – і цукар, і заварка ёсць, і пячэнне з цукеркамі. На вокнах свежы цюль, шторы, на сценах карціны. Памыта-падмецена, кветкі ў вазе на стале. Ёсць на ферме кантэйнер для смецця, прыбіральня, а ў ёй нават туалетная папера – тут ужо захацелася, як цару з вядомага мультфільма, праверыць, ці не аптычны гэта падман зроку. І тэрыторыю МТФ яе работнікі імкнуцца ўпрыгожваць самаробнымі малымі архітэктурнымі формамі – знаходзіцца і час, і жаданне.
Безумоўна, забеспячэнне спецадзеннем, сродкамі для мыцця і дэзінфекцыі, нейкім мінімумам мэблі для бытавых пакояў – гэта задачы кіраўніцтва, спецыялістаў, загадчыкаў фермаў, а вось стварэнне для сябе ж саміх чалавечых умоў працы – хіба гэта не агульны клопат?
Удзельнікі рэйду:
Ядвіга Шульгат, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў,
Ганна Трашчанка, в.а. галоўнага ўрача цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Наталля Скакун,
памочнік урача-гігіеніста,
Алена Несцяронак,
супрацоўнік рэдакцыі.