В Докшицах открылась выставка мастера соломоплетения
Раённы дом рамёстваў запрашае на персанальную выставу “Саламяныя дзівосы” метадыста- майстра Таццяны Марціновіч. Пазнаёміцца з творчасцю жанчыны, якая 25 гадоў займаецца адраджэннем саломапляцення, можна ў выставачнай зале ўстановы культуры па 13 снежня, штодзень, з 8 да 17 гадзін (перапынак з 12 да 13 гадзін).
— Для беларусаў гэты від рамяства з’яўляецца адным з самых старажытных, – расказвае Таццяна Іванаўна. – Даўней сяляне вельмі актыўна выкарыстоўвалі салому ў сваім паўсядзённым жыцці: пакрывалі дахі пабудоў, кармілі хатнюю жывёлу, рабілі капелюшы, ва неўраджайныя гады нават падмешвалі ў хлеб. Акрамя гаспадарча-побытавага прызначэння, беларускае золата актыўна прымянялася ў абрадава-рытуальных мэтах. Розныя фігуркі з саломкі – гэта не проста цацкі, а сімвалы набажэнства, абярэгі. З цягам часу вырабы з саломкі сталі лічыцца найлепшымі сувенірамі з беларускай зямлі, а матэрыял, з якога яны вырабляюцца, – візітоўкай нашага краю.
На рахунку саламяных спраў майстра незлічоная колькасць кветкавых пано, мудрагелістых вянкоў, разнастайных букетаў. Шмат у калекцыі Таццяны прыгожых лялек, якія не толькі адлюстроўваюць прывабнасць беларусак, але і дэманструюць іх традыцыйныя строі. Больш за ўсё аўтару падабаецца работа над жаночымі капелюшамі і вяночкамі. Таксама на выставе можна пацікавіцца асаблівасцямі вырабу саламяных акладаў, дэкаратыўных разетак, фігурак жывёл.
Удзельніца шматлікіх выстаў і конкурсаў, уладальніца перамог і прэмій за адраджэнне беларускага рамяства, яна з задавальненнем дзеліцца сваім уменнем з усімі ахвотнымі. У аб’яднанні па інтарэсах, якім кіруе майстар у Доме рамёстваў, займаюцца дарослыя і дзеці. Самы цікаўны і старанны ў пляценні з саломкі — вучань СШ № 1 г. Докшыцы Руслан Мельнікаў, які вось ужо чацвёрты год два разы на тыдзень спяшаецца ва ўтульную майстэрню Таццяны Іванаўны, дзе разам з ёй стварае новыя шэдэўры.
Тэкст і фота Яўгеніі Малевіч.