В Докшицах после реконструкции открыли пищеблок центральной районной больницы
У райцэнтры пасля капітальнага рамонту быў уведзены ў эксплуатацыю харчблок ЦРБ. Ва ўрачыстым адкрыцці мадэрнізаванага аб’екта, якое адбылося 4 лістапада, прынялі ўдзел Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач, старшыня райвыканкама Алег Пінчук і старшыня райсавета Валянціна Рандарэвіч.
– На працягу некалькіх гадоў склалася традыцыя, калі напярэдадні 7 лістапада ў краіне ўводзяцца ў эксплуатацыю сацыяльныя аб’екты, – сказаў у час адкрыцця будынка спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка. – У цэлым, гэта датычыцца не толькі сталіцы і буйных гарадоў. Такія аб’екты неабходныя, у першую чаргу, рэгіёнам, такім, напрыклад, як Докшыцы. У цэнтры ўвагі Прэзідэнта, Урада, а таксама заканадаўчых органаў – пытанні, звязаныя з аховай здароўя насельніцтва. Так, днямі прыняты законы “Аб псіхіятрычнай дапамозе”, “Аб лекавых сродках”. Зараз рыхтуецца бюджэт на 2020 год, які прадугледжвае павелічэнне долі асігнаванняў у медыцыну амаль на 15 працэнтаў.
Старшыня райвыканкама Алег Пінчук зазначыў, што, дзякуючы падтрымцы нашага дэпутата Уладзіміра Андрэйчанкі, абласнога кіраўніцтва, у раёне ствараюцца камфортныя ўмовы для людзей: газіфікаваны аграгарадкі, уведзены ў строй стаматалагічная паліклініка і водна-аздараўленчы комплекс, працягвае будавацца новае жыллё. Зараз рамантуецца шэраг сацыяльных аб’ектаў у Бягомлі.
Докшыцкі раён – яркі прыклад таго, як мясцовая ўлада і жыхары рэалізоўваюць палітыку, што ажыццяўляе Прэзідэнт, адзначыў Юрый Дзеркач. Яшчэ некалькі гадоў таму, каб атрымаць пэўную кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, трэба было ехаць у Мінск альбо ў Віцебск. Зараз, напрыклад, у Докшыцкую стаматалагічную паліклініку звяртаюцца пацыенты нават з суседніх раёнаў Мінскай вобласці.
— З раённага бюджэту на мадэрнізацыю было выдаткавана 700 тысяч рублёў, — паведаміў галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кубар. — Каб асвоіць іх у тэрмін, будаўнікі працавалі ў дзве змены. Работнікі ПМК-52, філіяла №1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, ЧПТУП “ЯВГ-сэрвіс”, філіяла “Докшыцыводакал”, ПП “ЛВЛ-буд” і ААТ “Лібертэх-Сэрвіс” у даволі сціслыя тэрміны часткова перапланавалі памяшканні, замянілі сеткі водазабеспячэння, каналізацыі, ацяплення і электразабеспячэння. Адрамантаваны таксама дах, вокны і дзверы, абуладкаваны ўваход у будынак. І што вельмі важна, зараз харчблок аснашчаны сучасным тэхналагічным, халадзільным і мыйным абсталяваннем.
– Для нашых работнікаў гэта сапраўдны падарунак, – сказала ў сваім выступленні медсястра-дыетолаг Жанна Волах. – Харчблок быў пабудаваны яшчэ ў канцы 80-х гадоў. З таго часу ён не рамантаваўся. Таму, калі даведаліся, што хутка будзем працаваць у новых умовах, вельмі ўзрадаваліся. Зараз у харчблоку ёсць сучаснае абсталяванне, дзякуючы якому з’явілася магчымасць зрабіць меню больш разнастайным, а стравы – карыснымі для здароўя. Гатаваць іх будзем амаль для ста пацыентаў.
***
Пасля ўрачыстасці Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка правёў асабісты прыём грамадзян.
Жыхарка Докшыц Ганна Валюшка, якая пражывае ў інтэрнаце па вуліцы Усходняй, 5, паскардзілася на неналежныя ўмовы пражывання, у прыватнасці, па яе словах, на гнілыя вокны. Аднак дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрый Каляга, які прысутнічаў на прыёме, патлумачыў іншае. У час абследавання жылога памяшкання высветлена, што вокны знаходзяцца ў здавальняючым стане, тэмпературны рэжым таксама адпавядаў нормам. Капітальны рамонт гэтага будынка запланаваны на 2022 год. Ганна Валюшка таксама прасіла дапамогі ў працаўладкаванні, паколькі самастойна знайсці работу яна не можа. Гэта пытанне было вырашана адразу. Ёй прапанавана ўладкавацца сацыяльным работнікам па доглядзе за інвалідам І групы.
Бягамльчанка Наталля Майсяёнак звярнулася з пытаннем, калі ў яе будзе ўстаноўлены балкон. З-за аварыйнага стану камунгасаўцы вымушаны былі яго дэманціраваць. Наталлі Уладзіміраўне прыйдзецца пачакаць наступнага года. Пры ўмове фінансавання, на гэты перыяд запланаваны рамонт усіх балконаў пяціпавярховіка па вуліцы Лепельскай.
Спікер беларускага парламента выказаў меркаванне, што вельмі важна праводзіць асабістыя прыёмы.
– Гэта не разавыя акцыі, – падкрэсліў Уладзімір Паўлавіч, – а сітэмная работа, якая пабудавана на планавай аснове. Раз у квартал у кожным раёне сваёй выбарчай акругі стараюся сустракацца з насельніцтвам. Прыёмы даюць многае. Вырашаюцца канкрэтныя пытанні людзей. Безумоўна, яны розныя, у тым ліку ёсць і тыя, якія немагчыма рашыць адразу. У такім выпадку пэўныя даручэнні даюцца райвыканкамам.