Многодетная мать Екатерина Маскалейчик из Докшицкого района увлекается верховой ездой
Чым цудоўная журналісцкая прафесія, дык гэта тым, што яна дорыць магчымасці сустрэч з цікавымі людзьмі, пры размове з якімі часам выяўляюцца такія старонкі іх жыцця, такія грані натуры, пра якія ведаюць толькі самыя блізкія людзі.
Кацярына Маскалейчык з Бераснёўкі, якая разам з мужам Сяргеем, вальшчыкам лесу Прудніцкага лясніцтва, выхоўвае пяцёра дзяцей, з дзяцінства вельмі любіць коней, умее з імі абыходзіцца, а верхавая язда для яе – найвялікшае задавальненне. Пасля заканчэння вучылішча, дзе гняздзілаўская дзяўчына атрымала адразу тры прафесіі — швачкі, кухара і агародніка, ёй давялося папрацаваць і берэйтарам у саўгасе “Палачаны” пад Маладзечнам. Берэйтар – гэта спецыяліст па навучанні коней і настаўнік па верхавой яздзе. Сама займалася такім відам коннага спорту, як канкур – пераадоленне перашкод – і вучыла яму падлеткаў. Гэта конкурснае спаборніцтва вельмі відовішчнае і захапляльнае. У сямейным архіве шмат фотаздымкаў з тых шчаслівых для жанчыны часоў. Хаця шчасцем, толькі іншага кшталту, поўняцца і цяперашнія яе дні, бо мацярынства – самы яркі і буйны фрагмент у жыццёвай мазаіцы. А калі яшчэ памножанае на пяць…
Старэйшыя дзеці – Аляксей і Аляксандра – ужо амаль дарослыя, вучацца ў 9 і 8 класах. Цімафей – другакласнік. Дома гаспадыня сустрэла нас з двума малодшымі – пяцігадовым Максімам і гадавалай Танечкай. Апошняя ўважліва слухала размову, а Максім прыцягнуў каробку з фотаздымкамі, каб пра гісторыю іх сям’і можна было даведацца яшчэ і наглядна.
За час гутаркі Кацярына ні разу не паскардзілася на цяжкасці, а падняць столькіх дзетак нялёгка. З твару гэтай абаяльнай жанчыны не зыходзіла цёплая усмешка, аздобленая сімпатычнымі ямачкамі на шчоках, і не згасаў бляск у вачах.
– Для нас з Сяргеем радасць у доме, утульнасць ствараюцца не дарагой мэбляй і наварочанай бытавой тэхнікай. Перада мной быў прыклад маёй сям’і, у мужа нялёгкім склалася дзяцінства і юнацкія гады, таму абое цэнім найбольш цеплыню адносін, той мікраклімат, у якім камфортна і нам, і нашым дзецям. Пра матэрыяльнае, зразумела, таксама клапоцімся. Сяргей працуе з дрэвам, панарабляў шмат чаго для ўпрыгажэння панадворка. Я вырошчваю многа кветак. Лазню сёлета распачалі будаваць – не шкадуем для яе ні сіл, ні сродкаў. Трымаем немалую падсобную гаспадарку: гадуем дзвюх кароў, свіней, птушак, трусоў, зямлі ладны кавалак абрабляем. Ёсць яшчэ кабылка Багіра, таму адзін з летніх месяцаў цалкам аддаецца на нарыхтоўку сена. Яшчэ два – папаўняем сямейны бюджэт у лесе: збіраем і здаём нарыхтоўшчыкам грыбы і ягады. Можна сказаць, старэйшыя дзеці з маёй дапамогай забяспечваюць сябе ўсім неабходным да пачатку навучальнага года. Лічым гэта правільным: праца яшчэ нікога не сапсавала, ды і цану капейцы карысна ведаць з маленства.
Напрыканцы пра ўзгаданую вышэй Багіру. Жыве яна ў Маскалейчыкаў як на курорце, бо для апрацоўкі зямлі яны набылі яшчэ і мотаблок. Каця ж, як толькі ў віхуры штодзённых клопатаў выпадае хвілінка для сябе, тра-
ціць яе не на прагляд серыялу ці касметычныя працэдуры – сядлае любіміцу і ляціць насустрач ветру па палявых і лясных дарогах, шчаслівая і вольная, як птушка.
Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.