О символе года Крысы рассказывает Лариса Стадольник, санитар ветстанции
Да пацукоў у большасці людзей стаўленне негатыўнае: мярзотныя, шкодныя, нахабныя, неахайныя. Адзін доўгі голы хвост чаго каштуе… Як гэта часта бывае, чыюсьці вартасць мы вымяраем у першую чаргу ў адносінах да саміх сябе. Пацукі сапраўды не лепшыя нашы суседзі. Але што мы ведаем пра іх, акрамя вышэйпералічанага? Каб развянчаць некаторыя міфы пра гэтых жывёлін, мы накіраваліся на раённую ветэрынарную станцыю, дзе ў віварыі пражывае іх не адзін дзясятак. Якія яны, пацукі? – з гэтым пытаннем звярнуліся да ветсанітара Ларысы Стадольнік.
– Цікавасць да чалавека, жаданне ўступаць з ім у сацыяльныя адносіны – гэта тое, што вылучае пацука ў параўнанні з іншымі грызунамі, – адзначыла Ларыса Аляксандраўна. – Напрыклад, тыя ж хамякі, якіх так любяць дзеці, да гаспадароў сваіх адносяцца абыякава і працягваюць жыць сваім жыццём, толькі прымаючы ад іх ежу. Пацукі ж ахвотна ідуць на кантакт і рознымі спосабамі выказваюць сваю прывязанасць і прыязнасць. Пры гэтым, мы заўважылі што самцы больш стрыманыя, нават флегматычныя, а самкі вельмі актыўныя і цікаўныя. У пацукоў, як і ў людзей, праяўляецца настрой, а таксама пэўныя рысы характару. Адна жывёліна, напрыклад, больш ласкавая, другая – істэрычная, заўжды чымсьці незадаволеная, што выражае піскам. Ёсць і замкнутыя, і агрэсіўныя. Дарэчы, пацукі, як і хамякі, вельмі запаслівыя, аднак хамяк запасаецца ежай, а пацук цягне ўсё, што трапляецца яму на шляху і, напэўна, на яго думку, можа спатрэбіцца ў далейшым. У іх “слоўніку” сотні сігналаў і гукаў, пры дапамозе якіх яны вядуць размову.
Увогуле ў чалавека і пацука значная генетычная падобнасць – яны маюць ажно 80 працэнтаў ідэнтычных генаў. А калі пацука павялічыць да росту чалавека і распрастаць шкілет, можна ўпэўніцца, што суставы ў нас устроены аднолькава, а косці маюць роўную колькасць дэталяў.
Іншымі вачыма нам, як быццам бы царам прыроды, паглядзець на хвастатых пасадзейнічаюць і наступныя факты. Інтэлект пацукоў дае ім магчымасць вучыцца на вопыце сваіх сабратоў і ўлічваць іх памылкі. Пацукі не здольныя засвойваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, але ўсё, што важна для выжывання, яны запамінаюць цвёрда. Праяўляючы цуды вынаходлівасці, дапамагаюць сародзічам, якія трапілі ў бяду, і дзеляцца з імі ежай проста так. Пацук можа плыць або трымацца на вадзе трое сутак, а без той жа вады жыць даўжэй, чым вярблюд. Гэтыя грызуны вытрымліваюць велізарны ўзровень радыяцыі, згубны для чалавека і іншых жывых істот. Неверагодна, але пацукі таксама бачаць сны і валодаюць пачуццём гумару і ўменнем смяяцца. У выпадку страху ці агрэсіі жывёліны могуць падскокваць уверх на вышыню да двух метраў. У іх існуе строгая іерархія, і паняцце дысцыпліна ім таксама зразумелае. Сваімі разцамі пацукі здольныя разгрызці ўсё, нават мяккія металы і бетон. Паводле назіранняў вучоных, важакі пацучыных калоній – вопытныя, моцныя і жорсткія самцы, надзіва клапатліва і паблажліва адносяцца да сваіх падначаленых, асабліва да маладых і малечы. Ды існуе яшчэ безліч цікавых фактаў, якія дазваляюць прызнаць, што сімвал наступнага года нічуць не менш дастойны (а мо, і наадварот) за іншыя.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.