Пришло Рождество и в костел имени Пресвятой Девы Марии в Парафьяново
Дарагія браты і сёстры!
“Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся”
Гэтымі словамі мы абвяшчаем радасць свята Божага Нараджэння, якое найперш павінна насіць духоўны характар, бо Бог у вобразе чалавека ўвайшоў у нашае жыццё.
Евангельскі аповед пра нараджэнне Хрыста ўжо 20 стагоддзяў зачароўвае сэрцы людзей. Яслі з Немаўляткам Езусам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі; пастушкі, анёльскія хоры і Бэтлеемская зорка. Гэта ўсё так прыгожа і так захапляе, што мы становімся падобнымі да дзяцей. Таму з радасцю паўтараем словы Евангелля: “Нарадзіўся сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан”.
У ноч Божага Нараджэння анёл сказаў пастушкам: “Не бойцеся!” Гэтыя словы адрасаваны таксама і людзям нашага часу, подобна як 20 стагоддзяў таму яны былі скіраваны да пастушкоў. Мы атрымалі Збаўцу, які не пакідае нас адных і заўсёды бароніць. Гэта самая вялікая радасць і адзінае вырашэнне ўсіх нашых праблем.
Езус кажа: “Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку”. А калі Ён з намі, то і мы павінны быць з Ім, бо ў Яго былі ўключаны ў сакрамэнце хросту. Калі Бог з намі, то хто супраць нас?
Касцёл атрымаў ад Езуса місію абвяшчэння Евангелля ўсяму чалавецтву, і ніхто не можа быць пазбаўлены магчымасці пачуць Добрую Навіну. Аднак у імя вернасці сваёй місіі Касцёл павінен абвяшчаць поўнае Евангелле — не выключаючы яго патрабаванняў. У наш час супрацьстаяння Божай праўды з неаязычніцтвам мы становімся перад неабходнасцю радыкальнага этычна-рэлігійнага выбару: захаваць вернасць вучэнню Хрыста ці ігнараваць яго.
Праз служэнне Касцёла Хрыстус прыходзіць да нас, таксама як 20 стагоддзяў таму прыйшоў у Бэтлеем. Ён нічога не адбірае, а толькі ўзбагачае духам мудрасці і любові, міласэрнасці і трываласці, а таксама адорвае супакоем, радасцю, шчасцем і новай надзеяй. Таму неабходна адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім мы зможам пазнаць саміх сябе.
Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстова! Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нараджэння!
Сын Божы стаўся чалавекам, каб мы ў вымярэнні Божай ласкі сталіся багамі. Таму не будзем баяцца ў мітусні сучаснага свету і святочных клопатаў знайсці час для Езуса! Не будзем баяцца прыняць Яго ў нашыя сэрцы! Не будзем баяцца, бо святло Бэтлеемскай зоркі дае нам новую надзею, нават насуперак надзеі!
Са святам Нараджэння Хрыстова і надыходзячым Новым годам!
Ксёндз-дэкан Раман Мурзіч.