Слёт поисковых отрядов прошёл в Докшицком районе
Другі злёт школьных пошукавых атрадаў прайшоў у Бягомльскім музеі народнай славы. Паважаным госцем мерапрыемства стаў загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, ураджэнец Бягомля Міхаіл Скамарошчанка.
Сустрэча даследчыкаў распачалася з квест-гульні на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Нечаканасцю стала тое, што шукаць заданні і падказкі да іх у выставачных залах другога паверха музея трэба было ў цемры, падсвечваючы ліхтарыкамі тэлефонаў. Па ўпэўненых кроках паміж шматлікіх экспанатаў адразу было бачна: вучні тут не ўпершыню і добра ведаюць, у якім пакоі стаіць кулямёт, а ў якім створана дыярама партызанскага падземнага шпіталя, дарэчы, каля яго чакаў сюрпрыз. Уявіце рэакцыю кожнага, калі з прыцемкаў нечакана данесліся стогны і просьбы папіць, а ў свеце ліхтароў усе ўбачылі “параненага” салдата. Толькі перавязаўшы яго “раны”, гульцы атрымалі ліст з падказкай і пакрочылі далей.
Прайшоўшы іспыты, усе сабраліся ў музейным арт-кафэ, дзе і адбылася афіцыйная частка злёту. Рабяты актыўна дзяліліся сваімі напрацоўкамі ў даследчай пошукавай рабоце школьных атрадаў. Вучаніца Крулеўшчынскай СШ Ангеліна Дайлідзёнак расказала пра дзейнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны цэркваў раёна. Пра помнікі вайны на тэрыторыі Тумілавіцкага сельсавета паведаміў камандзір атрада “Арляняты” Тумілавіцкай ДС-БШ Аляксей Камзакоў.
Доследы гісторыі Докшыцкага дзіцячага дома вядуцца вучнямі СШ № 2 г. Докшыцы. Альбом памяці, прысвечаны жыхарам аграгарадка Порплішча, што ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, створаны парплішчанскімі вучнямі.
Напрыканцы злёту да юных даследчыкаў звярнуўся Міхаіл Скамарошчанка, які падзякаваў і вучням, і іх настаўнікам за такую вельмі важную, патрэбную кожнаму работу. Ён расказаў пра дзейнасць Нацыянальнага архіва і падарыў музею некалькі каштоўных выданняў, у якіх сабраны шэраг матэрыялаў пра гісторыю нашага раёна ў гады Другой сусветнай вайны.
Пасля ўдзельнікаў мерапрыемства запрасілі ў новы зал музея, дзе адбылася прэзентацыя выставы, створанай у рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае”. Сярод яе экспанатаў – рэчы ганаровых землякоў – удзельнікаў сёлетняга міжнароднага ваенна-гістарычнага семінара, прысвечанага 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дырэктар Бягомльскага музея народнай славы Вольга Таляронак уручыла камандзірам атрадаў удзячныя лісты за актыўны ўдзел у пошукавай дзейнасці.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.