В Докшицах дошколята активно занимаются спортом
Безумоўна, той, хто трапіў на парад гімнастык, які кожны год традыцыйна праходзіць у яслях-садку № 1 г. Докшыцы, быў уражаны выдатнай спартыўнай падрыхтоўкай выхаванцаў установы. Кожная група, а іх у садку шэсць, паказала комплекс фізічных практыкаванняў, які малеча весела і заўзята выконвала пад музыку. Дзяўчынкі, як матылькі, кружылі са стужкамі. Хлопчыкі, быццам каўбоі, забаўна скакалі на конях-фітболах. А яшчэ дзеці ведаюць шмат цікавых і карысных практыкаванняў з мячыкамі, пампонамі і нават спецыяльнымі платформамі для аэробікі – стэпамі.
– Зарадка на стэпах – больш для дзяцей старэйшых груп, – гаворыць кіраўнік фізічнага выхавання ўстановы Наталля Цэлічына. – Самыя маленькія дашкаляты любяць проста паскакаць. З імі для заняткаў фізкультурай выкарыстоўваем пераважна гульнявыя праграмы. А яшчэ гімнастыку на фітболах.
Дарэчы, практыкаванні з мячамі лічацца адной з эфектыўных форм работы з дашкалятамі. Выкарыстоўваючы мяч у якасці “коніка”, дзеці вучацца скачкам з розных зыходных становішчаў, што паляпшае іх каардынацыйныя магчымасці.
У гэтым годзе ў яслях-садку адкрылася спартыўная секцыя па фітболе “Дзіцячы фітнес”, у якой на платнай аснове можа займацца кожны ахвотны. Ужо набраны дзве групы рабят старэйшага і сярэдняга ўзросту, з якімі займаюцца Наталля Цэлічына і выхавацель Вікторыя Фешчанка.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.