Ведущим специалистом в представительстве Белгосстраха по Докшицкому району Ирина Кукуля работает без малого два года
Вядучым спецыялістам у прадстаўніцтве Белдзяржстраха па Докшыцкім раёне Ірына Кукуля (на здымку) працуе без малога два гады, а пачынала ў 2004-ым, эканамістам, пасля заканчэння фінансава-эканамічнага каледжа. А ўвогуле месца работы было ёю выбрана яшчэ раней, падчас праходжання практыкі. На выбар, прызнаецца, паўплывала зусім не тое, што яна дакшычанка, а атмасфера ў калектыве, уважлівасць і дабрыня, з якой яе сустрэлі.
– З першых дзён адчувала падтрымку і зацікаўленасць маім станаўленнем як спецыяліста з боку дырэктара Віктара Мікалаевіча Жакаўкі, маіх старэйшых калег. Надзейнае плячо вядучага эканаміста Жанны Францаўны Курыляк, спецыяліста ІІ катэгорыі Галіны Міхайлаўны Люлько адчуваю і сёння, за парадай і дапамогай магу звярнуцца да іх у любы момант, – гаворыць Ірына Аляксандраўна. – Такія адносіны сталі стымулам не спыняцца ў сваім развіцці: закончыла завочна Інстытут упраўлення і прадпрымальніцтва. Атрыманыя там веды прыйшліся вельмі дарэчы, паколькі асноўная мая дзейнасць на пасадзе вядучага спецыяліста прадугледжвае не толькі налічэнне і выплату заработнай платы, абслугоўванне страхавальнікаў, але і разнапланавую работу з юрыдычнымі асобамі, са страхавымі пасрэднікамі і шмат чаго іншага.
– Лічу, кожны кіраўнік у сваёй рабоце першачарговую ўвагу павінен удзяляць кадрам, – далучаецца да размовы дырэктар прадстаўніцтва Віктар Жакаўка, – і ствараць такія ўмовы работы, каб людзям хацелася займацца выбранай справай, каб яны адчувалі сваю значнасць і патрэбнасць. Тады ўжо можна праяўляць патрабавальнасць і разлічваць на ўзаемную павагу і разуменне, а таксама на тое, што работнікі не пачнуць шукаць іншае месца. Тое, што ў савецкія часы называлі “кузняй кадраў”, варта пераймання. Вось і Ірыну мы такім чынам “вырасцілі”. Прыемна сёння адзначаць яе працавітасць, адказнасць, адукаванасць, імкненне пазнаваць новае, а таксама выдатныя чалавечыя рысы.
Карыстаючыся выпадкам, віншую калектыў прадстаўніцтва з нашым прафесійным святам, жадаю ўсім моцнага здароўя, плёну ў працы, дабрабыту, сямейнага шчасця, здзяйснення мар і надзей. Самыя добрыя пажаданні хачу выказаць у адрас нашых ветэранаў Леаніды Сцяпанаўны Махонь, Таццяны Уладзіміраўны Каросцік, Валянціны Уладзіміраўны Ляўковіч, а таксама яшчэ раз павіншаваць Марыну Уладзіміраўну Асіповіч, якая за добрасумленную працу і высокія паказчыкі напярэдадні свята ўзнагароджана Падзякай філіяла Белдзяржстраха па Віцебскай вобласці.
Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.