Владелец агроусадьбы в Докшицком районе борется с теми, кто засоряет окружающую природу
Пра таленавітага мастака-рэстаўратара і рэзчыка-інкрустатара Мікалая Залуцкага, ураджэнца вёскі Гарэлае Бягомльскага сельсавета, які ўжо другі дзясятак гадоў як абаснаваўся ў вёсцы Асавы, арганізаваўшы там аграсядзібу, наша газета пісала неаднойчы. Як і пра тое, што справай рук гэтага неабыякавага і незвычайна працавітага чалавека з’яўляюцца таксама крыж і камень-помнік з малітвай на месцы Свята-Пакроўскай царквы, спаленай у 1943 годзе. Такі ж помнік і два крыжы – праваслаўны і каталіцкі – пастаўлены на ўездзе ў вёску, а яшчэ мядзведзь, выразаны з дрэва, што на тэрыторыі Бягомльскага лясгаса, і шмат чаго іншага.
Падчас нашага апошняга наведвання ў Асавы Мікалай Іванавіч ахвотна паказваў свае новыя работы – разьбу па дрэве, пейзажы, на якіх адлюстраваны поўныя хараства мясцовыя краявіды, дэманстраваў калекцыю цікавых і рэдкіх старадаўніх рэчаў. А вось у адказ на пытанне, ці знаходзіцца пры такой занятасці хвілінка для збору грыбоў-ягад ці рыбалкі, спахмурнеў. А затым прапанаваў: “Давайце з вамі пройдзем да возера”.
Невялікае і вельмі прыгожае азярцо пад назвай Пруд знаходзіцца якраз на ўездзе ў Асавы. Нямала народу прыязджае сюды, каб пакупацца, пазагараць і палавіць рыбу. Мікалай Іванавіч прыклаў шмат намаганняў, каб акультурыць гэты вадаём. Змайстраваў мосцік на вадзе, з якога хораша ныраць, ды і рыбаку там таксама добра ўладкавацца з вудамі. Круты спуск да таго мастка зрабіў зручным, у форме прыступак з плоскага камення, ды яшчэ і парэнчы прыладзіў. Вясной і ўлетку не дазваляе берагу зарастаць травой, акуратна абкошвае. Прыязджайце, людзі, прыходзьце, адпачывайце на здароўе, любуйцеся прыгажосцю мясцовай прыроды, дыхайце чыстым паветрам…
Дазволь, чытач, невялічкае адступленне ў аповедзе. Неяк даводзілася назіраць, як двое мужчын на аўтобусным прыпынку, смачна зацягваючыся цыгарэтным дымам, ажыўлена абмяркоўвалі ўзровень цывілізаванасці немцаў ды шведаў, бэсцілі сваю ўласную краіну і народ і адзначалі, што “нам да немцаў яшчэ дзвесце гадоў расці”. А калі падышоў аўтобус, шваркнулі акуркі сабе пад ногі, хаця побач была сметніца.
Ахайваць сваё мы ўмеем, забываючы пра тое, што ў тых жа немцаў чыста не таму, што яны ўвесь час прыбіраюць, а таму, што не смецяць. Вось і ў Асавах тая ж карціна. Камунальнікі ўстанавілі каля возера кантэйнер для збору смецця – праз пэўны час ён кудысьці знік. І пакідаюць адпачывальнікі пасля сябе напаўзатушаныя вогнішчы, бітае шкло. Пасля такіх візітаў вецер ганяе шматкі паперы, цэлафанавых упаковак, ПЭТ-бутэлькі. Некаторыя аўтамабілі падганяюць, дзе ёсць магчымасць, да самай вады, а то яшчэ і мыюць іх там, дзе іншыя купаюцца.
– Заваджу свой трактарок, бяру мяхі і еду вакол возера – збіраю смецце. Па два-тры дзясяткі тых мяхоў здаю, – распавядае Мікалай Залуцкі. – Крыху менш сталі гадзіць, калі павесілі знак, што ўстаноўлена відэаназіранне, тым не менш да парадку яшчэ ой як далёка. Замест украдзенага кантэйнера я ўстанавіў урну для смецця: звычайны мех, але замацаваны на трывалай металічнай аснове. Навучаны горкім вопытам, аснову тую моцна заглыбіў і ўмацаваў. Дык што вы думаеце – спрабавалі вырваць, і не аднойчы. Праўда, сілы не хапіла. Навошта? Што за дзікунства? Не магу зразумець, што рухае чалавекам, якому хочацца нішчыць прыгажосць, зручнасць, камфорт. І галоўнае пытанне: як з гэтым змагацца? Вось каб увялі ў нас такую сістэму штрафаў за варварскае абыходжанне з прыродай, як у Еўропе, дык, мабыць, сто разоў падумаў бы такі “герой”, перш чым паскудства тварыць…
Сапраўды, пакуль, як на прыкладзе Мікалая Залуцкага, будзе ў жыцці дзейнічаць толькі першая частка знакамітага дэвіза мушкецёраў – адзін за ўсіх, немцаў нам па культуры не дагнаць і праз дзвесце гадоў. А можа ўсё ж такі пераключыць “тумблер” у свядомасці і пачаць жыць па-новаму, калі не адзін за ўсіх, а кожны для ўсіх?
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.