А как празднуют Новый год и Рождество у вас? В Докшицком районе, например, в моду входят мюзиклы
Каляды і Новы год, безумоўна, самыя чаканыя як у дзяцей, так і дарослых. І святкуюцца яны заўсёды з размахам, весела, шчодра, шчыра. Менавіта так, як было заведзена ў нашых продкаў. Сёлета актыўна падтрымалі даўнюю традыцыю і глінскія культработнікі, якія калядавалі разам з вучнямі і настаўнікамі мясцовай школы. Рабяты весяліліся самі і радавалі вяскоўцаў старажытным абрадам, а Каза не забывалася падзякаваць за гасцінцы.
З кожным годам усё больш цікавы сцэнарый набываюць і традыцыйныя навагоднія прадстаўленні, якія звычайна ладзяць напярэдадні Новага года сельскія ўстановы культуры. Гэта ўжо не проста касцюмаваныя пастаноўкі, а самыя сапраўдныя мюзіклы з музыкай, песнямі, танцамі. Майстрамі ў гэтай справе можна назваць параф’янаўскіх, сітцаўскіх і валкалацкіх работнікаў культуры.
Сёлета да іх далучыўся Крулеўшчынскі цэнтр культуры і вольнага часу, які запрасіў аднавяскоўцаў на музычную пастаноўку “Баба-Яга не супраць”. Гледачы былі ўражаны не толькі сюжэтам, касцюмамі і дэкарацыямі, але і новымі талентамі сваіх суседзяў і знаёмых, што выступілі ў якасці артыстаў. З ролямі Дзеда Мароза і Снягуркі цудоўна справіліся дзесяцікласнікі мясцовай школы Улад Карчэўскі і Лізавета Ліннік. Галоўнымі героямі мюзікла сталі тры Бабы-Ягі, у якіх пераўвасобіліся настаўніцы Галіна Камянецкая і Ірына Супранёнак, а таксама пенсіянерка Валянціна Пруднікава. Весялосці і гумару дадавалі сюжэту Снежныя бабы: загадчыца Крулеўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў Лілія Паўліновіч і бібліятэкар Ірына Гоман.
— Вельмі прыемна было працаваць у такім тандэме, – гаворыць адзін з рэжысёраў Іна Косціна. – Самі шылі касцюмы, шукалі музычныя кампазіцыі, перакладалі словы вядомых песень. Нават той, каму не выпала якая-небудзь роля ў спектаклі, стараўся дапамагчы хаця б рэквізітам. Агульнымі намаганнямі атрымалася сапраўднае свята.
Бягомльскую малечу вітаў напярэдадні Новага года галоўны герой каталіцкіх Каляд Святы Мікалай, які, як і Дзед Мароз, любіць слухаць навагоднія вершы і частаваць салодкімі падарункамі.
Масавыя забаўляльныя праграмы прайшлі таксама ў Парплішчанскім, Крыпульскім і Бярэзінскім клубах, адметнасць якіх – заўсёдныя цудоўныя канцэртныя праграмы.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з асабістага архіва.