Банки бьют тревогу

880a48d684ee231f88ba70d1835fac32Заўсёды знойдуцца людзі, якія паспрабуюць скрасці вашы дадзеныя і незаконна атрымаць вашы грошы.
Наіўнасць, залішні давер, а яшчэ надзея на дармавыя падарункі. Менавіта такія прычыны спрыяюць выкарыстанню ашуканцамі грашовых сродкаў простых грамадзян. Здаецца, з прыходам сучасных тэхналогій і электронных картак павінна ўзрасці і абарона грошай. Яна ёсць і даецца кліенту банка для прыватнага выкарыстання, але часцей за ўсё людзі самі паведамляюць злачынцам свае персанальныя дадзеныя. Прычым ў сеткі злачынцаў трапляюць, не толькі пенсіянеры, як часцей за ўсё прынята лічыць у грамадстве, але і людзі сярэдняга ўзросту і прасунутая моладзь, якія найбольш упэўненыя ў тым, што іх ніхто не “развядзе на грошы”. Як не стаць ахвярай злачынцаў, перасцерагае
загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБУ № 209 філіяла № 216 ААТ “АСБ Беларусбанк” Ірына Малюжанец:
— Толькі за апошнія паўгода было зафіксавана больш за 10 выпадкаў спісання сродкаў з банкаўскіх картак. Прычым і ахвярай, і віноўнікам сталі самі ўладальнікі картак.
Метадаў, па якіх дзейнічаюць злачынцы, нямала. Назаву самыя распаўсюджаныя.

Узлом
Злачынцы ўзломваюць старонкі ў сацыяльных сетках і рассылаюць ад імя ўладальніка акаўнта паведамленні з просьбай пазычыць або перавесці некаторую суму грошай.
Каб зберагчы сродкі ў да­дзеным выпадку, пры звароце родных ці сяброў трэба ўпэўніцца, што яны менавіта тыя, за каго сябе выдаюць. Не паведамляйце нумар і тэрмін дзеяння карткі, лагіны і паролі ад інтэрнэт-банкінгу, сеансавыя SMS-паролі, а таксама трохзначны код на адваротным баку карткі, які патрэбны толькі для разлікаў і абсалютна не патрэбны для пераводу грашовых сродкаў на картку.
Вішынг
Злачынцы выкарыстоўваюць тэлефон, прадстаўляючыся “супрацоўнікамі банка”, каб атрымаць прыватную інфармацыю, у тым ліку і пашпартныя дадзеныя. Памятайце, што для абароны грашовых сродкаў кліентаў у банка ёсць уся неабходная інфармацыя. Банк не павінен запытваць у вас ні рэквізіты карткі, ні пашпартныя дадзеныя. У выпадку ўзнікнення званкоў з просьбамі ўдакладніць вашы дадзеныя неадкладна звярніцеся ў банк па нумары адзінай даведкі 147 або +375 17 2992525.

Фішынг
Махлярства падчас ажыццяўлення здзелак на інтэрнэт-пляцоўках.
Ашуканцы пад відам пакупнікоў звязваюцца з прадаўцом і просяць даць ім рэквізіты банкаўскай карткі для пераліку грошай. Часцей за ўсё даверлівы прадавец не толькі паведамляе нумар карткі, але і іншыя прыватныя дадзеныя.
Іншая сітуацыя – добрасумленны пакупнік звяртаецца да ашуканца пад відам прадаўца, каб набыць тавар. Той у сваю чаргу просіць перавесці грошы з карткі на картку ці на электронны кашалёк. Пасля гэтага махляры не выходзяць на сувязь.
Калі з вас патрабуюць перадаплату (частковую або поўную), з большай доляй верагоднасці вы маеце справу з махлярствам.

Метад з выкарыстаннем смартфона
Злачынец просіць смартфон, каб патэлефанаваць. Непрыкметна ўсталёўвае на ім праграмнае забеспячэнне, праз якое ажыццяўляе пераводы грашовых сродкаў.
Не давайце нікому ў рукі свой мабільны тэлефон і папярэдзьце пра гэта сваіх блізкіх, асабліва дзяцей і асоб пажылога ўзросту.

Паведамленне пра выйгрышы каштоўных прызоў
Злачынцы рассылаюць паведамленні пра выйгрышы каштоўных прызоў, за дастаўку якога неабходна заплаціць “камісію” шляхам пераводу грошай на рахунак.
Падумайце, ці прымалі вы ўдзел у розыгрышах, а таксама ці ведаеце арганізацыю, якая направіла паведамленне? Павінна насцярожыць і тое, адкуль арганізатарам акцыі вядомы вашы кантакты. Калі вы не здольны адказаць хаця б на адно з гэтых пытанняў, рэкамендуецца дадзенае памедамленне праігнараваць. Памятайце, што бясплатны сыр толькі ў пастцы. А страчаныя грошы вярнуць ужо немагчыма.
Гэта карысна ведаць:
Толькі сайты, якія пачынаюцца з https://, маюць абарону і надзейны сертыфікат, аб чым сведчыць літара s-secure. Наадварот, сайты з пратаколам http для плацяжоў выкарыстоўваць непажадана.
Таксама бяспечнымі лічуцца сайты, у якіх перад адрасам стаіць зялёны замочак.
Звярніце ўвагу на адрас і дызайн сайта. Падроблены сайт можа да дробязяў капіраваць дызайн сапраўднага. Адна адрозная ад арыгінальнай назвы літара або лічба павінна насцярожыць і прымусіць адмовіцца ад далейшага яго выкарыстання.

Правілы, якія дапамогуць зберагчы вашы сродкі:
– усталюйце ліміт па расходаванні сродкаў;
– завядзіце дадатковую картку для аплаты ў Інтэрнэце;
– не называйце ў Інтэрнэце вашы прыватныя дадзеныя і дадзеныя картак;
– будзьце пільнымі і асцярожнымі пры гутарцы з супрацоўнікамі банка і знаёмымі;
– не трымайце ў адкрытым доступе сканы і ксеракопіі асабістых дакументаў;
– усталюйце пароль або іншы спосаб ідэнтыфікацыі на сваім смартфоне;
– нікому не перадавайце свае карткі аплаты;
– не ўводзьце свае дадзеныя на незнаёмых сайтах;
– выкарыстоўвайце антывіруснае праграмнае забеспячэнне;
– усталюйце смс-абвесткі.
Каб забяспечыць комплексную фінансавую ахову ў выпадку страты альбо крадзяжу банкаўскай карткі, спецыялісты ААТ “АСБ Беларусбанк” прапаноўваюць застрахаваць яе па праграме “Картка пад аховай”.

Пётр Ромыслаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *