Что такое коронавирус и как им не заболеть
Міністэрства аховы здароўя Беларусі адсочвае сітуацыю, якая адбываецца ў свеце з распаўсюджваннем каронавіруса новага тыпу. У нашай краіне ўзмоцнены прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні яго распаўсюджвання. Работа спецыялістаў ведамства накіравана на прафілактыку захворвання сярод тых, хто прыязджае ў Беларусь з краін з неспрыяльнай эпідсітуацыяй.
Што такое каронавірусы, чым яны небяспечны і як вылечыць хваробу, тлумачыць памочнік урача-эпідэміёлага РЦГіЭ Вацлава Галінская.
– Каронавірусы – гэта члены сямейства вірусаў, якія здольныя выклікаць рэспіраторныя і кішачныя захворванні ў людзей і жывёл. Каронавірус 2019-nCoV, успышка якога пачалася ў канцы снежня 2019-га ў кітайскім горадзе Ухань, гэта новы штам. З ім медыкі яшчэ не сутыкаліся, але ўжо вядома, што ён паражае лёгкія, хутка выклікае вірусную пнеўманію і кіслароднае галаданне арганізма.
Сімптомы заражэння любым каронавірусам такія ж, як і пры вострай рэспіраторна-віруснай інфекцыі: боль у горле, кашаль, насмарк, галаўны боль, тэмпература ад 37,8 градуса, слабасць. Пры больш цяжкіх выпадках сімптомы ўзмацняюцца, з’яўляецца задышка, боль у грудзях, тэмпература ад 39 градусаў.
Кітайскія медыкі абнавілі спіс сімптомаў, характэрных для 2019-nCoV. У некаторых выпадках на самым старце заражэнне суправаджаецца млоснасцю, дыярэяй і іншымі праблемамі са страўнікавай сістэмай. Рэспіраторныя сімптомы, пералічаныя вышэй, далучаюцца пазней.
Канкрэтнай тэрапіі пры каронавірусе не існуе. Яго лечаць адпачынкам, ужываннем вялікай колькасці вадкасці, абязбольваючымі і супрацьзапаленчымі сродкамі на аснове парацэтамолу альбо ібупрафену.
Каронавіруснай прастудай магчыма захварэць, калі побач кашляюць альбо чхаюць заражаныя людзі. Трэба старацца як мага менш знаходзіцца ў закрытых памяшканнях, дзе шмат людзей. Праветрыванне дазволіць знізіць канцэнтрацыю вірусаў у паветры. Лепш пазбягаць кантактаў з прастуджанымі, рэгулярна мыць рукі з мылам альбо выкарыстоўваць сродкі для дэзінфекцыі на спіртавой аснове.
Апранайцеся ў адпаведнасці з надвор’ем. Змерзнуць – значыць добраахвотна панізіць узровень аховы перад інфекцыямі, а ён у змаганні з вірусамі, у тым ліку і “каранаванымі”, яшчэ спатрэбіцца.