Подведены итоги районного конкурса на лучшее новогоднее украшение зданий
Навагоднія святы закончыліся, засталіся ва ўспамінах радасць іх сустрэчы, падарункі і, канечне, навакольная прыгажосць. Упрыгожаныя ёлкі, ілюмінацыя – гэта тое, што робіць непаўторным менавіта гэтае свята, да якога аднолькава радасна рыхтуюцца і дзеці, і дарослыя.
У вялікай ступені гэта пацвердзіў раённы конкурс на лепшае навагодняе афармленне адміністрацыйных будынкаў, жылых дамоў. Днямі падведзены яго вынікі.
— Прыемна, што адгукнуліся практычна ўсе прадпрыемствы і арганізацыі. Назіралася актыўнасць і з боку саміх грамадзян. Шкада толькі, што не ўсе, хто ўпрыгожыў свае дамы, двары і панадворкі падалі заяўкі ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, а для ўдзелу ў конкурсе – гэта была неабходная ўмова, – паведаміла старшыня камісіі па падвядзенні вынікаў конкурсу Валянціна Рандарэвіч. – Трэба сказаць, што афармленне аглядалася і ў светлы час сутак, і вечарам, таму ў членаў камісіі была магчымасць ацаніць не толькі ілюмінацыю, але і іншыя формы ўпрыгожвання. Ярка, арыгінальна ў навагоднія дні выглядалі будынкі і вытворчыя тэрыторыі філіяла “Докшыцыводаканал”, раёна газазабеспячэння, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, але перамогу вырашана аддаць філіялу “Віцебскторф”.
Сярод устаноў сацыяльнай сферы найбольшую фантазію і ўменне праявіў раённы Цэнтр дзяцей і моладзі. Сярод шматпавярховікаў актыўнасцю вызначаліся ў райцэнтры жыльцы дома № 8 па вул. Школьнай і дома № 1 па вул. Ленінскай, у прыватнасці Міхаіл Сіўцэвіч. Але з найбольшым густам упрыгожылі свой двор насельнікі пяціпавярховіка па вул. Школьнай, 11. Яны і сталі пераможцамі.
У аграгарадку Параф’янава ўпрыгожваннем вылучаўся дом Веры Казловай па вул. Садовай, 1. Перамогу ж сярод індывідуальных жылых дамоў атрымаў дом пад № 32 па вул. Спартыўнай у райцэнтры, дзе гаспадараць Браніслаў і Лілія Божалкі.
Запрашаем жыхароў раёна да ўдзелу ў конкурсе ў наступным годзе. Каб падрыхтавацца да яго, як трэба, яшчэ ёсць цэлы год.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.