Как работает почта на колёсах в Докшицком районе
Сённяшняя пошта адрозніваецца нават ад той, якая была дзесяць гадоў таму. У нагу з часам, каб не страціць кліентаў, яна ўкараняе ўсё новыя віды паслуг. Гэта і продаж тавараў паўсядзённага попыту, магчымасць аплаціць камуналку, ажыццявіць банкаўскія разлікі. Разам з тым характэрнай рысай апошнім часам з’яўляецца змяншэнне кліентаў на вёсцы. У выніку паштовыя аддзяленні закрываюцца, а жыхароў абслугоўвае спецыяльная паштовая машына. Менавіта пра асаблівасці работы пошты на колах і давялося даведацца падчас чарговага журналісцкага задання.
Аўторак. Сем гадзін раніцы. Калі большасць гараджан яшчэ толькі збіраецца ісці на работу, то ў супрацоўнікаў раённага вузла паштовай сувязі яна ўжо ў разгары. Якраз з Глыбокага прыходзіць машына з карэспандэнцыяй, якую пачынаюць сартаваць паштальёны. Разабраўшы яе па ўчастках, загружаюць у аўто. Туды ж укладваецца і тавар.
– Самы папулярны тавар на вёсцы – камбікорм, – расказвае мой “настаўнік” на гэты дзень Аксана Вярэніч, дапамагаючы складваць мяхі з тым самым кормам для жывёлы вадзіцелю Канстанціну Барылу. – Зараз зверым увесь тавар па дакументах – і адпраўляемся. Нас ужо чакаюць у паштовым аддзяленні ў Таргунах. Вось ужо 15 гадоў сумяшчаю пасады паштальёна гэтага аддзялення і паштальёна па дастаўцы. Калектыў у нас вельмі харошы. Начальнік аддзялення Святлана Гралеўская і Наталля Раткевіч з Аленай Жук – вопытныя работнікі. Усе разам як адна сям’я. За дзесяцігоддзе сумеснай работы навучыліся разумець адзін аднаго з паўслова.
Сапраўды, не паспела машына спыніцца, як таргуноўскія паштальёны адразу ўзяліся кожны за сваю справу: Наталля – за сарціроўку газет, Алена – раскладваць тавар па паліцах, Святлана з Аксанай пералічвалі грошы – сёння яшчэ і пенсію выдаюць. Наступны прыпынак – вёска Сценка.
– Сёння, так бы мовіць, аблегчаны маршрут, – усміхаецца Аксана. – Няма “раёнак”, якія карыстаюцца вялікім попытам у жыхароў вёсак на нашым маршруце. Таму вернемся ў райцэнтр ужо да абеду. Па серадах і суботах, асабліва зімой, дык з цёмным адпраўляемся і з цёмным вяртаемся.
У Сценцы гасцінна свеціцца вокнамі хата Мікалая Лагуцькі.
– Вось і “доктар” прыехаў, – з радасцю сустракае нас дзядок.
– Мяне так многія называюць, – тлумачыць паштальёнка. – У вёсках зараз больш адзінокія пажылыя людзі жывуць. Адны просяць лекі прывезці, другія гадзіннік настроіць ці, як Мікалай Сцяпанавіч, мабільнік праверыць, які чамусьці “забарахліў”.
– Аксанка, газетку “раёначку” не забудзься, выпішы, – звяртаецца мужчына. – А яшчэ “Прысядзібную гаспадарку”. Можа якія новыя парады знайду для вырошчвання багатага ўраджаю ў цяпліцы.
Са Сценкі едзем у Дзедзіна.
У гэтыя вёскі пенсіі носіць паштальён з Тумілавіч, таму толькі газеты ў паштовай скрыні пакінуць трэба. У паштовае аддзяленне вёскі Несцераўшчына таксама вязём газеты, пасылкі і заказаны вяскоўцамі тавар. Часам мясцовыя жыхары звяртаюцца з просьбамі, напрыклад, пакласці грошы на мабільны тэлефон. На Несцераўшчынскім АПС няма камп’ютара, а таму такая паслуга таксама ёсць у нашай кампетэнцыі. Стараемся дзеля кліентаў.
Пакуль ехалі ў Гліннае, ужо развіднелася. Стала весялей, бо за акном аўто замільгалі цудоўныя вясковыя краявіды. Міма Хмялёўшчыны, Шалагіраў накіроўваемся ў Пустаселле: вязём заказ Галіне Дранковіч – вялікія прыгожыя паштоўкі з юбілеем.
– Калі я толькі пачынала працаваць паштальёнам па дастаўцы, – гаворыць Аксана, – былі перасоўныя аддзяленні. Яны ўяўлялі сабой аўтамабіль, у салоне якога было арганізавана працоўнае месца аператара. Але пошта пастаянна мадэрнізуецца. На сённяшні дзень у раённым аддзяленні на мотадастаўцы працуюць пяць машын з паштальёнам-суправаджальнікам.
І вось мы зноў у дарозе, якая ўецца паміж зялёных абшараў Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Нават снежаньскае бясснежнае надвор’е радуе наваколлем. Здаецца, што вось-вось з-за якога-небудзь куста выбежыць лясны звер. На просьбу спыніцца, каб зрабіць фотаздымак гэтага раздолля, вадзіцель адмаўляецца і тлумачыць, што ўсе прыпынкі фіксуе спецыяльнае ўстройства, якое кантралюе маршрут. Да таго ж у кожным паштовым аддзяленні мотадастаўка павінна быць у свой пэўны час. Людзі чакаюць.
У Зальхаўі прыемна радуе вока сняжок на абочыне. У гэтай вёсцы ў нас шмат работы: пенсіянерам грошы развезці, камунальныя плацяжы сабраць, газеты выпісаць. Зінаіду Петрашэўскую засталі за вязаннем цёплых шарсцяных шкарпэтак. У хаце чысціня і парадак, бабуля падрыхтавалася да Каляд. Хоць час і прыспешваў, немагчыма было не сфатаграфаваць гэтую мілавідную жанчыну.
Ад вёскі да вёскі пошта на колах выконвае не толькі свае непасрэдныя абавязкі. Вязуць вадзіцель і паштальён жыхарам і радасць, і дапамогу. На маршруце Аксаны Вярэніч 39 населеных пунктаў. У такі дзень, як сёння, гэта 150 кіламетраў. Па суботах і серадах – амаль у два разы больш. Але, якім бы доўгім ні быў маршрут, пошта заўсёды своечасова прыбудзе да сваіх кліентаў, інакш яна не будзе звацца поштай.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.