Мастер редкой професии живёт в д. Матеевцы Докшицкого района
Пячнік – прафесія, якая, напэўна, ніколі не страціць сваёй значнасці. Пакуль будуць аматары цэглы і жывога агню, знойдуцца і спецыялісты, якія возьмуцца за гэту справу. Адзін з іх – Аляксандр Чарняўскі з Мацееўцаў.
З пячной справай Аляксандр пазнаёміўся ў 1995 годзе, калі пераехалі ў бацькоўскі дом, а старая печ там была непрыдатнай для выкарыстання.
– Давялося яе перарабляць, – распавядае Аляксандр Яўстаф’евіч. – З грашыма было вельмі туга, печніка наймаць было няма за што. Узяўся за справу сам. Атрымалася. Аднавяскоўцы ўбачылі маю работу, ім спадабалася, і сталі звяртацца да мяне па дапамогу.
З тых часоў ён не пакідае пачатай справы і ўжо на працягу чвэрці стагоддзя нясе людзям цяпло і ўтульнасць, можна сказаць, у прамым сэнсе гэтага слова. Да кожнага аб’екта майстар падыходзіць творча.
– Абсалютна аднолькавых печаў ніколі не атрымліваецца. Пастаянна даводзіцца імправізаваць і адкрываць для сябе нешта новае.
Як і ў любой практыцы, здараюцца непрадбачаныя сітуацыі, якія, нібы рэбус, патрабуюць рашэння.
– Склалі пліту, а дым не ідзе. Ужо і хады пераклалі – нічога не дапамагае. А прычынай стала нізкае месца, у якім знаходзілася пліта, і быў неабходны летні ход. Як толькі яго зрабілі, усё наладзілася. Яшчэ бываюць выпадкі, калі дым не ідзе, таму што завужаны комін. Гэтага рабіць ні ў якім выпадку нельга. Шырэй – можна, а вузей – не, – дзеліцца майстар сакрэтамі сваёй справы.
Сустракаецца, што печ развальваецца ад перагрэву, нават вогнетрывалая цэгла не вытрымлівае накалу. Неяк склаў печку дачнікам. Топяць яны так, пакуль тая не стане добра гарачай, пры гэтым юшку не закладаюць, а жар на вуліцу выносяць, каб не ўгарэць. Тлумачыў, што нельга так моцна тапіць. Не заўсёды разумеюць, а ў выніку печ давядзецца перакладаць.
Нягледзячы на распаўсюджванне мікрахвалёвак, пліта яшчэ карыстаецца попытам, чаго не скажаш пра рускую печ.
– Цяпер нявыгадна мець рускую печ: сем’і не такія вялікія, ды і гаспадарку сталі трымаць меншую. Зараз жа на газе ды ў мікрахвалёўцы падагрэць ежу займае пару хвілін.
Хутчэй і лаўчэй атрымліваецца справа, калі ёсць памочнікі. Для майстра такімі з’яўляюцца сыны. Малодшы мае спецыяльнасць муляра, а таму пячная справа яму бліжэй і цікавей. У старэйшага — свае інтарэсы: тэхніка і машыны. Але калі патрэбна дапамога, сын заўсёды разам з бацькам.
Жывеш у вёсцы — мусіш многае ўмець. Адной працай жыццё ў вёсцы не абыходзіцца. Яшчэ да арміі Аляксандр засвоіў зварку. Гэта майстэрства вабіць гаспадара і цяпер. Дзякуючы сваім тэхнічным навыкам сабраў трактар — добрая дапамога ў гаспадарцы.
Усё жыццё, за выключэннем ваеннай службы, якую Аляксандр праходзіў у Германіі, прайшло ў роднай вёсцы. Пасля арміі працаваў шафёрам, а потым пайшоў на ферму жывёлаводам. Работа прыйшлася па душы, і ўжо трыццаць гадоў ён застаецца ёй верным.
Так і жыве Аляксандр Чарняўскі на вуліцы Мірнай, займаецца любімай справай і радуецца двум унукам. А хлопцам у дзядулі ёсць чаму навучыцца.
Пётр Ромыслаў.
Фота аўтара.