О настроении к работе с новым руководителем рассказывают животноводы ДП «Гнездилово-Агро» в Докшицком районе

За работай аператары машыннага даення (злева направа) Любоў Асаёнак, Ала Праскура і Валянціна Гільніч.

За работай аператары машыннага даення (злева направа)
Любоў Асаёнак, Ала Праскура і Валянціна Гільніч.

Будучы па рэдакцыйных справах у гняздзілаўскім краі, не прамінулі заехаць на МТФ “Атрубок” ДП “Гняздзілава-Агра”, дзе нас прыязна сустрэў яе загадчык Вячаслаў Тушынскі. Пацікавіліся ў Вячаслава Фёдаравіча, як ідуць на ферме справы.
– Да ўзроўню нашага слаўнага мінулага, вядома, яшчэ далёка, – зазначыў ён, – але пэўныя зрухі ў лепшы бок ужо намеціліся. Галоўным лічу тое, што з прыходам новага кіраўніка гаспадаркі Арцёма Станіслававіча Вінніка мы, вобразна кажучы, убачылі святло ў канцы тунеля. Добра ўсе разумеем, што хутка можна толькі разбурыць, а каб пасля таго разбурэння наладзіць вытворчасць на больш-менш дастойным узроўні, патрэбны час. Таму, ацэньваючы рэальнае становішча, на імклівы ўзлёт не разлічваем, а вось на паступовае, крок за крокам, аднаўленне – так.
На МТФ “Жары” ў сельгаспрадпрыемстве зараз утрымліваюцца толькі сухастойныя каровы і БРЖ на адкорме. Дойны статак адтуль перагналі ў “Атрубок”, каб поўнасцю выкарыстоўваць магутнасць даільнай залы, разлічанай на 700 галоў. На сённяшні ж дзень ледзь не палова кароў знаходзіцца ў запуску, самыя масавыя ацёлы чакаюцца ў другой палове студзеня, лютым і сакавіку.

Слесар па абслугоўванні даільнага абсталявання МТФ “Атрубок” Аляксандр Бядарык.

Слесар па абслугоўванні даільнага абсталявання
МТФ “Атрубок” Аляксандр Бядарык.

– Доім цяпер па пяць кілаграмаў малака ад каровы, – распавядае загадчык. – Але для вышэйшых надояў пасля ацёлаў ёсць усе прадпасылкі. Хапае як сенажу і сіласу, так і камбікармоў, і гэта бачна зараз па знешнім выгля­дзе жывёлы. Калектыў на ферме падабраўся харошы – людзі адказныя і працавітыя, таму дысцыпліна ў нас не кульгае, што калі не палова поспеху, то трыццаць працэнтаў дакладна. Праўда, у гаспадарцы даволі востра адчуваецца недахоп кадраў, як спецыялістаў, так і рабочых прафесій. Вось і мне самому даводзіцца выконваць абавязкі не толькі загадчыка фермы, але і лабаранта. Аднак сярод чатырох аператараў машыннага даення ў “Атрубку” – славутая Ганна Калініна, ды і астатнія жанчыны таксама вопытныя і старанныя. Самых добрых слоў у свой адрас заслугоўвае слесар Аляксандр Бядарык, які займаецца абслугоўваннем даільнага абсталявання. На якасць і аператыўнасць выконваемай ім работы ніколі не мелася ніякіх нараканняў – сапраўды, чалавек на сваім месцы.
Аляксандра Мацвеевіча якраз і заспелі на тым “яго” месцы. Пацікавіліся, як даўно ён у жывёлагадоўлі, чаму выбраў для сябе работу менавіта ў гэтай сферы.
– Па праўдзе кажучы, не выбіраў, – прызнаўся суразмоўца. – Пасля школы закончыў Лепельскі гідра-меліярацыйны тэхнікум па спецыяльнасці “тэхнік-механік меліярацыйна-будаўнічых машын”. Але з меліярацыяй, так склалася, жыццё сваё не звязаў. Служыў у арміі, застаўся звыштэрмінова, патрапіў на ліквідацыю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Хойніках сустрэў сваю будучую жонку, з якой і вярнуўся ў роднае Гняз­дзілава. У сельскай гаспадарцы такім чынам з 1990 года. Быў час, і вадзіцелем працаваў, але найбольш у жывёлагадоўлі. На МТФ “Верацейка” і даглядчыкам давялося пабыць, і загадчыкам. Так што, можна сказаць, ведаю справу ўсебакова. Крыўдна, вядома, што так упаў прэстыж нашай прафесіі. А бацькі нашы згадваюць, што ў гады іх маладосці працаваць на ферме давяралі не кожнаму: каб уладкавацца туды, трэба было яшчэ заслужыць, паказаць сябе ў рабоце найлепшым чынам. Ды і я сам яшчэ заспеў той час. Вельмі хочацца верыць, што ў гэтым плане нешта зменіцца ў лепшы бок, паколькі здаўна чалавек, які гаспадарыў на зямлі, быў у пашане, шчаслівы і задаволены сваёй працай. А пакуль што – не здаёмся, застаёмся вернымі выбранай справе. Бо хто, калі не мы?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *