Не наказать, а предупредить. Так работает районная инспекция природных ресурсов и охраны окружающей среды, вместе с которой корреспондент «РВ» побывал в рейде
Больш за сто трыццаць кіламетраў праехаў карэспандэнт “РВ” у рэйдзе з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і па ахове навакольнага асяроддзя Уладзімірам Вішнеўскім.
З самага ранку на “Ніве” выязджаем з Докшыц і трымаем кірунак на Параф’янава. Перад Свіркамі з’язджаем з дарогі і, пераадольваючы на “паніжанай” лужыну, спыняемся. Уважлівы позірк спецыяліста адразу выхоплівае каля кустоў выкінутую бочку з рэшткамі чырвонай фарбы.
Далей едзем на МТФ “Свіркі” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Там поўным ходам ідзе работа. Працуе трактар, які вывозіць гной.
– Сочым, каб ён не збіраўся, а своечасова вывозіўся. На гэтай МТФ усе больш-менш добра, – аглядаючы тэрыторыю, гаворыць Вішнеўскі.
Але ўвагу прыцягвае іншае: з вежы льецца вада. А гэта ўжо прыродны рэсурс. Непарадак. Уладзімір Уладзіміравіч фатаграфуе гэтую безгаспадарчасць, і мы ідзём у будынак фермы шукаць адказнага. Загадчык распавёў, што праблема з вежай пастаянная, бо недзе ўцечка. Прадстаўнік інспекцыі бярэ сітуацыю на кантроль.
Не адразу атрымалася трапіць на задворкі жывёлагадоўчага комплекса “Альхоўка”, дзе, па словах Вішнеўскага, “усё самае цікавае знаходзіцца далей ад вачэй людскіх”. А калі трапілі, то ўбачанае толькі пацвердзіла гэта: са шматлікіх лужын тырчалі будаўнічыя блокі і рэшткі шыферу.
Ніякая, на першы позірк, дробязь не застаецца без увагі спецыяліста. А таму, на яго думку, было б добра ўсталяваць таблічку ля кучы металалому, што на тэрыторыі майстэрняў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” у Параф’янаве.
— Але тэрыторыя адносна чыстая, бачна, што прыбіраюць, – рэзюмуе Уладзімір Уладзіміравіч.
Непрыемная карціна сустрэла і на былым палігоне каля Лібераўшчыны. Хаця ён ужо некалькі гадоў таму закрыты і заехаць на яго перашкаджае выкапаны роў, гэта не спыняе тых, хто па-ранейшаму выкідвае ў яго смецце.
Аб’язджаючы тэрыторыю машынна-трактарнага двара ў Сітцах, убачылі кучу скарыстаных аўтамабільных фільтраў, якія павінны быць утылізаваны, а тут яны валяліся на зямлі.
Рэйд падыходзіць да свайго заканчэння. Усе недахопы запісаны ў блакнот. Уладальнікам і адказным асобам будуць накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі заўваг. У кожнага будзе час навесці парадак.
– Для нас галоўнае не пакараць, а папярэдзіць. Каб у далейшым не было падобных выпадкаў, – тлумачыць Уладзімір Вішнеўскі.
– Аднак трэба заўважыць, што за 2019 год раённай інспекцыяй па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя было аштрафавана 50 чалавек, сярод якіх ёсць і тыя, хто выкідваў смецце ў недазволеных месцах, хаця ў вёсках усталяваны кантэйнеры для збору смецця або наладжаны яго вываз машынамі камунгаса. А гэта значыць, што ў кожнага ёсць магчымасць цывілізавана ўтылізаваць адходы.