На озере санатория «Лесное» Докшицкого района чин освящения воды провел протоиерей Алексей Кушнеревич
Завяршыліся святы, якія ў праваслаўных доўжацца з 7 па 19 студзеня. Гэта час, які царква заклікае прысвяціць дабрачынным справам. Хрысціяне ўспамінаюць трагедыю ў Рымскай імперыі, калі імператар Нерон знішчыў 14 тысяч дзетак ад двух гадоў і меншых. Да Хрышчэння – апошняга дня святочнага цыкла, прымеркавана шмат традыцый, у тым ліку і акунанне ў палонку.
– Сёння некаторыя чакаюць, што акунанне ў палонцы прынясе здароўе на ўвесь год, – зазначае протаіерэй Георгій Мялешка. –Трэба памятаць, што Хрыстос уваходзіў у воды Іардана, каб ачысціць ваду, і таму сэнс нашай малітвы на Хрышчэнне: ваду просім зрабіць такой, як калі ў яе акунаўся Хрыстос. Але ж не сама вада робіць здаровым, а Ласка Божая.
Бацюшка заклікаў таксама памятаць, што пагружэнне ў ваду на Хрышчэнне – гэта набожная традыцыя, а не экстрэмальны адпачынак. І акунанне не ачышчае ад грахоў.
Традыцыю падтрымалі, як і чакалася, у Докшыцах і Бягомлі, Крулеўшчыне і Дамашкавічах. На возеры санаторыя “Лясное”, дзе сабраліся не толькі адпачывальнікі, але і жыхары бліжэйшых вёсак, чын асвячэння вады правёў протаіерэй Аляксей Кушнярэвіч. Ахвотных акунуцца ў палонку былі не адзінкі. Па словах начальніка аддзела культуры санаторыя Іны Дзяруга, некаторыя адпачывальнікі спецыяльна купляюць пуцёўкі на гэты час, каб акунуцца ў палонку на возеры менавіта на Хрышчэнне.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.