Шоу-программа «Талантливые вместе» прошла в Докшицах
Удзельнікамі шоу-праграмы “Таленавітыя разам”, якая адбылася на праваслаўныя Каляды ў ККЗ “Іскра”, сталі сямейныя творчыя калектывы.
Арганізатары мерапрыемства абяцалі гледачам, што яны стануць сведкамі адкрыцця новых талентаў Докшыччыны. Гэтыя абяцанні спраўдзіліся, як толькі выйшаў на сцэну першы сямейны дуэт у складзе настаўніцы Докшыцкай ДШМ Аксаны Глінскай і яе дачкі Крысціны. Вясёлую песню “Калінка-малінка” амаль з другога куплета падхапіла ўся зала. Не змаўкалі апладысменты і падчас батлу прыпевак у выкананні дзяўчат. Напрыканцы нумара ўдзельнікам задаваў пытанні вядучы Сяргей Шчалкуноў, каб яшчэ больш пазнаёміць гледачоў з рознабакова адоранымі самадзейнымі артыстамі. Напрыклад, у час апытання сям’і Алісёнкаў з Бягомля стала вядома, што адна з дачок нарадзілася менавіта 7 студзеня. Імянінніца Вікторыя разам з сястрой Ганнай і мамай Наталляй вярнулі ўсіх у савецкае дзяцінства – паказалі з дапамогай тэатра ценяў некалі папулярны мультфільм тых часоў “Вожык у тумане”.
Не навічком на сцэне з’яўляецца і дуэт Плыгаўкаў. Тата Аляксандр і дачка Марыя – чарговыя прадстаўнікі гэтай таленавітай сям’і, дзе цудоўна спяваюць усе.
Адраджэннем побытавых нацыянальных танцаў Беларусі захапляюцца сямейныя пары з народнага вакальнага ансамбля “Прызбачка” Марыя і Яўген Кімстачы, а таксама Таццяна і Ігар Ляпковы. На шоу яны паказалі танцы «Матлёт», «Базар», а таксама польку-бабачку.
Для трэцякласніцы Яны Гарбачовай выхад на сцэну быў дэбютным. Справіцца з ім з лёгкасцю дзяўчынцы дапамагла мама Вятлана, для якой мікрафон – звычайны рабочы інструмент. Дзядуля і бабуля Яны – Віктар Іванавіч і Вольга Мікалаеўна – вядомыя мастакі.
Таццяна Модаль і яе дочкі Яна і Сафія любяць стыльна апранацца. Часта прыгажунь можна сустрэць у аднолькавых строях, як гэта зараз называецца, “фэмэлі-лук”. Калекцыя Таццяны паказвалася падчас дэфіле, дзе мадэлямі была сама мадэльер і дочкі. Цікава было даведацца, што сям’я не толькі за стыль і культуру ў знешнасці, але і ва ўсім, што вакол. Напрыклад, яны не толькі гуляюць у Чыстаполлі, дыхаюць паветрам, а і збіраюць смецце, якое іншыя пакідаюць пасля сябе.
Спеўную сям’ю Шылковых, дзе тата і мама — удзельнікі народнага вакальнага ансамбля “Раніца”, а дачка Марыя з’яўляецца вядомай вакалісткай Цэнтра дзяцей і моладзі, ведаюць усе. Аказалася, што гаспадар Павел яшчэ і піша вершы. “Ода сям’і”, якую ён напісаў, прагучала ў праграме.
Больш за дваццаць гадоў у сферы культуры працуе мастацкі кіраўнік Бярэзінскага клуба-бібліятэкі Мікалай Кургей. На шоу ён выступіў у дуэце са сваёй таленавітай дачкой-прыгажуняй Аленай.
Завяршальным нумарам праграмы стала выступленне квінтэта Красільнікавых, дзе іграюць на розных інструментах, спяваюць і бацькі, і дзеці. Сям’я вядома дакшычанам па перамозе ў раённым конкурсе шматдзетных сем’яў у 2015 годзе. І на гэты раз яна ўразіла гледачоў разнастайнасцю сваіх здольнасцей.