В ладу и согласии живут 61 год вместе супруги Туловские из деревни Залядье Бегомльского сельсовета.
Хто не марыць пра сямейнае шчасце? Аднак няўмольная статыстыка сведчыць: кожны другі шлюб у нашай краіне распадаецца. Чаму так адбываецца, чаму каханне разбіваецца ўшчэнт аб быт, так званую несумяшчальнасць характараў, нявернасць, шкодныя звычкі і шмат яшчэ чаго іншага? Як захаваць лад і згоду ў сям’і на доўгія гады? Адказ на гэта пытанне дакладна ведаюць Надзея і Васіль Тулоўскія з вёскі Заляддзе Бягомльскага сельсавета, якія зусім нядаўна адзначылі 61-ую гадавіну сумеснага жыцця.
Як толькі зайшлі ў невялікую ўтульную хатку Васіля Паўлавіча і Надзеі Мікалаеўны, адразу зразумелі: тут жыве шчаслівая сям’я. Самы найлепшы падарунак для бацькоў – гэта калі ў свята іх крывінкі побач, дом напоўнены галасамі, смехам, жартамі, добрымі ўспамінамі. Менавіта такая атмасфера і панавала там, так бы мовіць, ажно “зашкальвала”. Але пра дзяцей крыху пазней.
Сужэнцы Тулоўскія ў Заляддзі жыхары карэнныя, толькі хаты іх бацькоў стаялі ў розных канцах вёскі. Розніца ў іх узросце складае пяць гадоў, але Васіль Паўлавіч змаладу да шлюбу адносіўся вельмі сур’ёзна, не спяшаўся з выбарам, што і дазволіла яму дачакацца сваю Надзейку. Актыўна распачалі новае сямейнае жыццё, не баяліся цяжкасцей, не цураліся працы, слухалі мудрыя парады бацькоў і старэйшай радні. Пабудавалі ўласную хату, у якой зазвінелі дзіцячыя галасы і затупацелі малыя ножкі – чацвёра іх “пасыпалася” адно за адным.
– Як спраўляліся, не магу цяпер даўмецца, – разважае Надзея Мікалаеўна. – Ніякіх дэкрэтаў не было, дома гаспадарка немалая, мы з Васілём цалюткі дзень на рабоце. Яшчэ ўмудралася шыць-вышываць ды на кроснах ткаць. І з сабою дзетак бралі, і большыя меншых глядзелі – усяк было. Можа, таму і выраслі яны ў нас такімі дружнымі, прывязанымі адно да аднаго. І мы з бацькам іх любоўю не абдзеленыя.
Працоўны шлях у Тулоўскіх пачаўся з 14-15 гадоў і доўжыўся больш за чатыры дзясяткі. Надзеі Мікалаеўны – у паляводстве – а гэта, як вядома, лён, бульба, нарыхтоўка сена, вывазка арганікі і шмат чаго іншага, работа цяжкая і не надта аплачваемая – і ў жывёлагадоўлі. Васіль Паўлавіч пачынаў таксама паляводам, а затым вывучыўся на трактарыста і стаў, як сам кажа, агароднінаводам. У яго распараджэнні быў спачатку невялікі ДТ-20, а затым такі ж кампактны Т-16, у народзе празваны “шасікам”. Бравы механізатар на ім саджаў розную гародніну і даглядаў за ёй. Смяецца: тры “шасікі” “знасіў” за многія гады. Смех смехам, а апошні з іх “знасіўся” не да канца, быў выкуплены гаспадаром, на хаду да гэтага часу і актыўна ім эксплуатуецца. Яшчэ пару гадоў таму Тулоўскія абраблялі 90 (!) сотак зямлі, з дапамогай дзяцей, вядома, але прызнаюцца: малодшае пакаленне “насела” і плошчы гэтыя яны вымушаны былі паменшыць. Як і жыўнасць, колькасці якой да мінулага года магла б пазайздросціць любая маладая сям’я. У скарбонцы мужа і жонкі – шмат грамат і падзяк за добрасумленную працу, а ў Васіля Паўлавіча яшчэ і медалі, сярод якіх “За працоўную доблесць”, “За поспехі ў народнай гаспадарцы”.
– Сакрэт сямейнага шчасця? А нам сварыцца не было калі, цалюткія дні круціліся, як вавёркі ў коле, – жартуюць сужэнцы. – А калі сур’ёзна, то часам і спрачаліся, але без абразаў адно аднаго. Паспрачаемся ды і памірымся хутка. Важныя павага, цярпенне, уменне саступаць, шукаць згоду. Ну што такое чалавек без сям’і? – перакаці-поле. І дзецям добра, што ў іх ёсць тата і мама, якія жывуць разам, ёсць бацькоўскі дом, дзе іх заўжды чакаюць.
З чацвярых дзяцей не змагла прыехаць на свята толькі Валянціна, якая жыве ў Пецярбургу. А вось барысаўчанін Васіль і жыхаркі Бягомля Алена і Лілія са сваімі сем’ямі ў бацькоў частыя госці і памочнікі. Радуюць бабулю з дзядулем таксама шасцёра ўнукаў і дванаццаць праўнукаў.
– Як збяруцца – цэлае вяселле ў хаце, – цешацца сужэнцы.
Вузы шлюбу за доўгія гады не сталі для іх ланцугамі, а ператварыліся ў моцныя ніці духоўнай еднасці. Жыццёвыя цяжкасці з дапамогай мужа не сагнулі спіну яго вернай паловы, а дзякуючы яе любові і мудрасці ў яго вачах па-ранейшаму гарыць малады агеньчык. Няхай так будзе яшчэ шмат гадоў!
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.