Вера Аркадьевна пока родную деревню Ветахмо в Докшицком районе оставлять не собирается
Вера Каляга, калі мы наведаліся ў Ветахмо, спяшалася забраць з паштовай скрыні газету і была адзіным чалавекам на вясковай вуліцы. Яшчэ вёска «ажывае» ў дні прыезду аўтакрамы і атрымання пенсіі, якую дастаўляюць з райцэнтра жыхарам ужо толькі чатырох хат. Ёсць і яшчэ вяскоўцы, але іх забралі дзеці да сябе ў горад.
Вера Аркадзьеўна пакуль родную вёску пакідаць не збіраецца. У свае семдзесят сем гадоў яна бадзёрая, без намёку на сум. У час сустрэчы з жыццярадаснымі людзьмі, асабліва старэйшага пакалення, міжволі задаешся пытаннем: як у іх атрымліваецца захаваць любоў да жыцця і не паддацца апатыі? Але слухаеш успаміны Веры Аркадзьеўны, і паступова прыходзіць адказ на яго.
– Нарадзілася я на хутары, а ў Ветахмо пераехала, калі выйшла замуж. Восем гадоў жылі з бацькамі, пакуль не пабудавалі свой дом, – згадвае жанчына. — Працавала на ферме, а муж — трактарыстам. Гаспадарку трымалі – карову, свіней. Абкошвалі ўсё, што можна было: канавы, ускрайкі лесу. Гэта цяпер поўна травы – касі не хачу. А тады аж за Дзегцяры прыходзілася ездзіць па сена. І ўсё ўручную: касілі, сушылі, звозілі. А за гэта сена трэба было яшчэ і пяцьдзясят сотак калгасных буракоў прапалоць. Пакуль на работу ісці, ужо ні рук, ні ног не чуеш. А на ферме і бітоны даводзілася з малаком насіць. Але не скардзіліся: дзяцей падымаць трэба было.
Жанчына папраўляе на галаве хустку і, на імгненне задумаўшыся, працягвае:
– Хапала працы, але і адпачываць мы любілі і ўмелі. Вяселлі чатыры дні гулялі. На Каляды, Вялікдзень ладзілі вечарыны. Збіралі грошы на гарманіста. У хаце, якую хто-небудзь з вяскоўцаў даваў пад танцы, намывалі падлогу. А якія танцы былі – пад гармонік, пад цымбалы!
Ад гэтых успамінаў, заўважаю, быццам і маршчынкі разгладжваюцца на яе твары.
– Гэта цяпер на стале ўсякіх прысмакаў, а тады бліноў напякуць са смятанай, мяса навараць, гарэлку зробяць. І гэтага хапала. Галоўнае, што моладзі было шмат, таму і весела было.
Жанчына і зараз без работы не сядзіць. Зімой вяжа палавікі з рыззя, а летам увесь час праводзіць на агародзе. Гаспадарка, у якой маюцца каза і курачкі, таксама патрабуе ўвагі і клопату.
– Няма калі сумаваць, – усміхаецца жанчына. – З дзяцінства нас бацькі прывучылі да працы, таму нават самая цяжкая прымалася як належнае, без чаго немагчыма шчаслівае жыццё.
Жанчына развітваецца і жвава ідзе да паштовых скрыняў. Я гляджу ёй услед і разумею, што выраз ‘‘праца надае высакароднасць чалавеку’’ абсалютна правільны. Больш за тое, робіць яго шчаслівым.
Тэкст і фота Пятра Ромыслава.