Спасатель Вячеслав Коляго несёт службу с честью
Трывожны сігнал, каманда да збору, хвіліна-другая – і ўся дзяжурная змена варты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці гатова ехаць на выклік. Не палічыць, колькі такіх каманд за свае працоўныя будні прыйшлося выканаць прапаршчыку ўнутранай службы Вячаславу Калягу. Яшчэ у 1996 годзе ён выбраў мэтай жыцця выратаванне чалавека і стараецца з гонарам і вялікай адказнасцю несці ўскладзеныя на яго абавязкі.
Зараз Вячаслаў працуе вадзіцелем у ПАВЧ № 1, а калісьці непасрэдна сам тушыў пажары, выратоўваў людзей з агню.
– Мой абавязак – своечасова даставіць выратавальнікаў да месца здарэння, – гаворыць Вячаслаў. – А таксама забяспечыць бесперабойную падачу вады, ды і самому не заставацца ўбаку, калі трэба дапамагчы хлопцам. Добра, калі і ДТЗ, і пажары абыходзяцца без чалавечых ахвяр. На жаль, выпадкі бываюць розныя, і часам нават мы ўжо нічога не можам зрабіць. Вельмі часта людзі самі ствараюць сабе праблемы: па неасцярожнасці, з-за грэбавання самым элементарным, а то і па прычыне абыякавасці.
Вячаслаў Каляга прызнаецца, што, хоць і мае за плячыма немалы стаж работы ў пажарнай службе, усё роўна адчувае хваляванне, калі чуе чарговы сігнал на выезд.
– Вельмі перажываю, каб не падвяла тэхніка, каб своечасова паспелі, – гаворыць пажарны. – Але як толькі размотваем рукавы, хваляванне знікае, і адразу настройваешся на работу.
Кожны выклік – непадобны адзін да аднаго. Аднойчы докшыцкім байцам, у ліку якіх быў і Вячаслаў, давялося дапамагаць калегам з Мінскай вобласці тушыць пажар у Вілейскім раёне. Закончылася тады ўсё трагічна – гаспадар дома згарэў, а рэшткі загінулага выносіў Каляга. Мясцовыя пажарныя чамусьці самі зрабіць гэта не адважыліся.
У адной камандзе з Вячаславам зладжана працуюць прафесіяналы сваёй справы: камандзір аддзялення Аляксандр Бахановіч, начальнік варты Аляксандр Каляга, старшы пажарны Максім Крукаў і пажарны Яўген Палачанін.
– Выпадковых людзей у нашай службе не бывае, – падкрэслівае начальнік РАНС Валянцін Баравікоў. – За час свайго існавання МНС заваявала заслужаны аўтарытэт сярод насельніцтва. Нашымі супрацоўнікамі вырашаюцца дзяржаўныя задачы, пастаянна расце ўзровень прафесійнага майстэрства, у рабоце выкарыстоўваецца найноўшае тэхнічнае аснашчэнне, удасканальваецца прававое рэгуляванне дзейнасці. Кожны дзень, часам рызыкуючы жыццём, выратавальнікі выконваюць небяспечную, аднак вельмі патрэбную людзям работу, пры гэтым кіруюцца галоўным прынцыпам – самаахвяраванне дзеля абароны жыцця чалавека. У Дзень выратавальніка жадаю калегам моцнага здароўя, цвёрдасці духу, спакойных будняў і выхадных, сямейнага дабрабыту, радасці, цяпла, поспехаў у прафесійнай дзейнасці.
Самае жаданае дзяжурства, прызнаецца наш герой Вячаслаў Каляга, калі раніца пачынаецца словамі дзяжурнага: “За мінулыя суткі здарэнняў не адбылося”.
Таццяна Падбярэзкая.
Фота аўтара.